У бязвізавую зону ў Гародні ўключаць чыгуначны вакзал і аэрапорт



Прыязджаць у Гародню і частку Гарадзенскага раёна без віз замежныя турысты змогуць не толькі на машынах або веласіпедах, але і на цягніках і самалётах. Ужо ў наступным годзе чыгуначны вакзал абласнога цэнтра і аэрапорт каля вёскі Абухава могуць стаць часткай бязвізавай зоны. Пра гэта сказаў старшыня аблвыканкама Гарадзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў падчас велапрабегу Bike4SDGs, які прайшоў 26 жніўня на Аўгустоўскім канале.

„У наступным годзе мы разлічваем пашырыць бязвізавую зону і яшчэ больш павялічыць турыстычны паток у Гародню і наваколлі. Турысты змогуць прыехаць не толькі праз аўтамабільныя пункты пропуску” Брузгі „і” Прывалка „ці па Аўгустоўскім канале, але таксама чыгуначным транспартам і авіязносінамі”, — адзначыў Уладзімір Краўцоў.

Паводле слоў кіраўніка абласной адміністрацыі, усе ўмовы і магчымасці для гэтага ёсць. Напрыклад, пастаянна курсіруе міжнародны цягнік маршрутам „Гародня — Кракаў” (праз Варшаву). Пасля пашырэння бязвізавай зоны можна будзе павялічыць колькасць такіх цягнікоў. Акрамя таго, з’явіцца магчымасць прыцягнуць у Гарадзенскую вобласць бюджэтныя авіякампаніі лаўкостараў, мяркуе чыноўнік.

Цяпер кіраўніцтва вобласці рыхтуе неабходны пакет дакументаў, які будзе перададзены ва ўрад. Чакаецца, што чыгуначны вакзал і аэрапорт змогуць прымаць бязвізавых турыстаў ужо да наступнага турыстычнага сезона, які пачынаецца ў красавіку.

Бязвізавая зона „Парк Аўгустоўскі канал” пачала дзейнічаць 26 кастрычніка 2016 года, за чатыры месяцы да ўвядзення пяцідзённага бязвізавага рэжыму грамадзянам шэрагу дзяржаў на тэрыторыі Беларусі пры прылёце іх у Нацыянальны аэрапорт Менск. Яна ўключае тэрыторыю Гародні і частку Гарадзенскага раёна. Прыехаць сюды замежныя турысты могуць толькі праз аўтамабільныя пункты пропуску „Прывалка-Райгардас” і „Брузгі-Кузніца”, а таксама праз два сезонныя пункты пропуску „Лясная-Рудаўка” на Аўгустоўскім канале і „Прывалка-Швяндубрэ”.

За 10 месяцаў без віз у Гародню і раён прыехала больш за 35 тысяч турыстаў.

belapan.by