У Мінспорце абмеркавалі сітуацыю вакол кампаніі „Наталі Турс”
Пад старшынствам намесніка міністра спорту і турызму Міхаіла Партнога 5 ліпеня ў ведамстве адбылася нарада, на якой абмяркоўвалася сітуацыя, звязаная з турыстычнай кампаніяй „Наталі Турс”.
У міністэрства былі запрошаны дырэктар прадстаўніцтва „Наталі Турс” у Менску Вольга Вышынская, прадстаўнікі турыстычных агенцтваў, якія працуюць з гэтай кампаніяй, кіраўніцтва Дэпартамента па турызме Мінспорту, Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый і Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі, паведаміла прэс-служба Мінспорту.
Асноўная мэта размовы — высветліць, наколькі крытычная сітуацыя для грамадзян Беларусі, якія скарысталіся паслугамі „Наталі Турс”, чым можна дапамагчы людзям у гэтых умовах.
Вольга Вышынская праінфармавала, што за мяжой знаходзяцца 89 беларускіх грамадзян, якія набывалі пуцёўкі ў „Наталі Турс”. Паводле яе слоў, гэтым людзям не варта турбавацца: іх авіябілеты аплачаны.
Даныя аб колькасці аплачаных тураў, якія былі ануляваныя, удакладняюцца.
Паводле папярэдніх звестках, продаж чартарных праграм разлічаны да сярэдзіны верасня. Гэтыя туры набыло каля 400 грамадзян.
Вышынская запэўніла, што з кожным кліентам кампанія мае намер працаваць індывідуальна, каб мінімізаваць выдаткі для турыстаў і кампенсаваць ім фінансавыя страты.
Кіраўніцтва грамадскіх турыстычных арганізацый выказала гатоўнасць аказаць кансультатыўную дапамогу дырэктару прадстаўніцтва „Наталі Турс” з улікам вопыту і практыкі, якая склалася.
Паводле слоў Міхаіла Партнога, Міністэрства спорту і турызму знаходзіцца ў пастаянным кантакце з кіраўніцтвам Федэральнага агенцтва па турызме Расеі (Растурызм). У прыватнасці, кіраўніку Растурызму Алегу Сафонаву накіраваны афіцыйны ліст, у якім расейскі бок праінфармаваны аб тым, што на беларускім турыстычным рынку складваецца няпростая сітуацыя, звязаная з дзеяннямі расейскага тураператара „Наталі Турс”.
Акрамя таго, адбылася тэлефонная размова з кіраўніком Растурызму, падчас якой Сафонаў папрасіў беларускіх калег даць поўную інфармацыю аб грамадзянах Беларусі, якія набывалі туры ў „Наталі Турс” і цяпер адпачываюць за мяжой.
Сафонаў паабяцаў садзейнічанне ў вырашэнні сітуацыі з „Наталі Турс” і яе афіляванай кампаніяй „Панарама Тур”.
29 чэрвеня тураператар „Наталі Турс” паведаміў аб адмене з 30 чэрвеня чартарных праграм у Іспанію, Італію, Грэцыю і Турцыю, каб знізіць свае выдаткі ў сувязі з паўзагружанымі чартарамі. 2 ліпеня кіраўнік кампаніі Уладзімір Вараб’ёў заклікаў іншыя турагенцтвы падтрымаць партнёра ў цяжкай сітуацыі. Ён заявіў, што спрабуе мінімізаваць нязручнасці для кліентаў кампаніі, шукае новых прымаючых партнёраў замест тых, што адмовіліся ад супрацоўніцтва. Аднак ужо 3 ліпеня Асацыяцыя тураператараў Расеі паведаміла, што турысты „Наталі Турс” сутыкаюцца з праблемамі пры засяленні ў гатэлі Іспаніі, Італіі, Турцыі і Грэцыі з-за неаплаты, таксама неаплачанымі ў некаторых выпадках аказваюцца авіябілеты і трансферы. 4 ліпеня кампанія афіцыйна абвясціла, што не можа выконваць абавязацельствы па турпаездках і анулюе заказы з 4 ліпеня па 30 верасня ўключна.
Беларускія грамадзяне могуць вярнуць грошы за адмененыя расейскім тураператарам „Наталі Турс” паездкі праз сваё беларускае турагенцтва, паведаміў БелаПАН дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейстэр.
Паводле слоў Цэхмейстэра, па вяртанне грошай турысты могуць звяртацца ў агенцтва, з якім у іх заключаны дагавор. „Турыст можа напісаць заяву турагенту на вяртанне сродкаў або замену тура, калі аператар не можа адразу вярнуць яму грошы”, — сказаў ён.
Цахмейстэр адзначыў, што з-за праблем у „Наталі Турс” у Беларусі пацярпелі дзве „салідныя турыстычныя кампаніі, якія выконвалі агенцкую дзейнасць расейскага тураператара”.
„Наталі Турс” не радавая кампанія, — сказаў дырэктар саюза. — Калі яны назапасілі мільёны долараў доўгу, гэты фінансавы нарыў не справа аднаго дня, нейкі час справы ў іх ужо ішлі няважна. І, па словах самога Вараб’ёва, кампанія блізкая да банкруцтва”.
belapan.by
