У Яхімоўшчыне Янка Купала напісаў “Ворагам Беларушчыны”



Вёска Яхімоўшчына Маладэчанскага раёна знаходзіцца каля 20 кіламетраў ад Маладэчна. Мабыць ніхто і ніколі яе не прыгадваў бы, каб там не было філіяла “Яхімоўшчына” Менскага літаратурнага музея Янкі Купалы. Да сённяшніх дзён у вёсцы Яхімоўшчына захаваўся будынак, у адным з пакояў якога жыў народны паэт Беларусі Янка Купала (1882-1942). Гэта адзінае “гняздо” песняра, якое не разбурылі ні час, ні войны, ні палітыкі. Будынак захаваўся такім, якім ён быў пабудаваны ў XIX стагоддзі.

У 1906 годзе Янка Купала прыехаў у Яхімоўшчыну, дзе ўладкаваўся на працу памочнікам вінакура на бровары ў маёнтку пана Любанскага. І жыў у гэтым доме, дзе пісаў свае вершы. Менавіта ў Яхімоўшчыне былі напісаны яго хрэстаматыйныя вершы “Ворагам Беларушчыны”, “А хто там ідзе”, “Гэта крык, што жыве Беларусь…”, “Не дайце згінуць песняру”, Дуб”, “Воля”, “Дайце мне волю”, “З песень нядолі” і іншыя. Усе яны ўвайшлі ў першы зборнік песняра “Жалейка” (Санкт-Пецярбург, 1908).

Менавіта ў Яхімоўшчыне пачынаўся паэтычны і духоўны ўзлёт будучага нашага нацыянальнага паэта.

Загадчыца музея Святлана Ціс шчыра запрашае ў вялікі дом, дзе 110 гадоў таму жыў Янка Купала.”Вось клямка на дзвярах у яго пакой. Патрымайцеся за купалаву клямку, вось гэта пакой, дзе песняр жыў, усё тут нагадвае пра нашага класіка”, – распавядае Святлана.

Сапраўды, у хаце, дзе жыў Янка Купала, тут усё нагадвае пра яго. Саматканы ходнічак на падлозе, шафы, ложак з падушкамі, кніжныя паліцы, стол з самаварам, ксеракопіі рукапісаў, кніга Яўхіма Карскага “Беларусы”, старыя газеты, гадзіннік на сцяне, фотаздымкі…

Пакоі музея былі адноўлены і адрэстаўраваны па ўспамінах старажылаў. Але самае галоўнае, што захаваўся дом такім, якім ён быў пры Янку Купалу. На будынку дома замацавана мемарыяльная шыльда. “Вось толькі турыстаў у нас бывае мала, хаця паглядзець тут ёсць што. Таму я шчыра запрашаю ў Яхімоўшчыну ўсіх тых, каго цікавіць жыццё і творчасць песняра беларускага народа”, – сказала Святлана Ціс.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Маладэчанскі раён

Фота аўтара