Вакзал Тэрміні – самая нямілая будыніна для рымлянаў



Згадваючы чыгуначны вакзал Тэрміні, міжволі ловіш сябе на жаданні напісаць журналісцкі штамп кшталту “ўсе дарогі вядуць у Рым”. Але ж цэнтральны вакзал як абавязковы пункт наведвання італійскай сталіцы вандроўнікам проста не абмінуць.

Калі вы прылятаеце з Беларусі самалётам у аэрапорт Ф’юмічына, то да Рыма можна дабрацца ці чыгуначным экспрэсам, ці аўтобусам. Апошні прыпынак якіх – акурат Тэрміні. Калі вы едзеце ў Рым аўтобусам, чыгуначны вакзал – найбольш зручны прыпынак, каб сысці. А пра чыгуначную вандроўку і гаварыць не варта…

Вакзал атрымаў назву з-за велічных Тэрмаў Дыяклетыяна, руіны якіх камянеюць непадалёк. Сам вакзал пачалі ўзводзіць яшчэ за часамі Мусаліні, але з-за вайны будаўніцтва прыпынілі; Тэрміні запрацаваў толькі ў 1950 годзе.

На вакзале прадумана ўсё ці амаль ўсё. Усе даведкі, у тым ліку і па-ангельску, надаюцца бескаштоўна; пры патрэбе чыгуначнік нават правядзе вас да цягніка. Квіткі прадаюцца ў адмысловых аўтаматах, прытым разабрацца ў праграме зможа нават дзіцёнак. Паліцыянтаў амаль не відно – калі не браць пад увагу ўзброенага карабінера непадалёк уваходу. Карабінер, зрэшты, вельмі ветлівы і нават дазваляе сябе фатаграфаваць.

Нягледзячы на ўсе раскошы, самі рымляне той Тэрміні не надта і любяць. Мажліва, вакзал нагадвае ім пра таталітарную мінуўшчыну. Магчыма, на тле класічнай рымскай архітэктуры гэтая жалезабетонная стадола глядзіцца ўжо надта чужародна. Так ці інакш, але ў Рыме цэнтральны вакзал нярэдка называюць “скрыняй” і “дыназаўрам”.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара