Вандроўка па мясцінах Збігнева Жакевіча



Добрае надвор’е спрыяе цікавым падарожжам! Вось і на прамінулых выходных адбылася літаратурна-гістарычная вандроўка па мясцінах дзяцінства пісьменніка Збігнева Жакевіча, арганізаваная краязнаўцамі са Смаргоні Уладзімірам Прыхачам ды Таццянай Кляшчонак.

Збігнеў Жакевіч (1933-2010) – вядомы польскі пісьменнік, аўтар шматлікіх твораў і філолаг-русіст, навуковы супрацоўнік Гданьскага ўніверсітэта… Пісьменнік з беларускімі каранямі, пра якога так мала ведаюць самі беларусы. Прычына простая – адсутнасць перакладаў на беларускую мову.  Дакладней – адсутнасць выдадзеных перакладаў, бо ў форме камп’ютарных файлаў яны даўно “вандруюць” па сябрах і знаёмых перакладчыцы Таццяны Кляшчонак. Спадарыня Таццяна – даўні і надзейны “піяршчык” творчасці Збігнева Жакевіча, яна шчодра дзеліцца сваімі ведамі і тэкстамі з людзьмі, якіх цікавяць беларуска-польскія культурныя сувязі.

Выхаваны ў бацькоўскім доме ў Маладэчне і маёнтку дзеда пад Крэвам, Жакевіч быў сведкам суворых падзей 1940-х гадоў, спазнаў голад і пакуты, перажыў смерць многіх блізкіх, а ў 1946 годзе разам з маці быў рэпатрыяваны ў Польшчу. Усё перажытае знайшло водгук у творах… І ў вандроўку па мясцінах Збігнева Жакевіча выправіліся падрыхтаваныя аматары яго творчай спадчыны і чытачы “Віленскага трыптыху” ў “самвыдаце”: журналісты са Смаргоні, Ашмян і Маладэчна, чальцы маладэчанскага фонда “Спадчына М.К. Агінскага”, мастачка з Заслаўя, аматары гісторыі са Смаргоні і Залесся, прадпрымальнікі з Менска і Маладэчна…

Маршрут быў наступны – чыгуначная станцыя Залессе, Паніззе, Беніца (тут быў ахрышчаны Збігнеў Жакевіч і бралі шлюб яго бацькі), татарскія могілкі ў Даўбучках, дзе ў часы Жакевіча знаходзілася найгалоўнейшая для татараў усёй Усходня Еўропы мусульманская мячэць і дзе пахаваны далёкія продкі Жакевіча па лініі дзеда… Далей падарожнікі трапілі ў вёсачку Ленкаўшчына Маладэчанскага раёна. Тут у гады вайны існавала школка, якую наведваў малы Збігнеў, а настаўнікам працаваў беларускі паэт і нацыянальны дзеяч Юльян Сергіевіч.

У Ленкаўшчыне адбылася прэзентацыя кнігі краязнаўцы і літаратара Міхася Казлоўскага пра жыццё і лёс Сергіевіча – “За волю родных хат”. І менавіта ў доме Юльяна Сергіевіча, які набылі менчукі, падарожнікаў чакала цікавая знаходка – ліст  вучня Жакевіча настаўніку Сергіевічу… пра кнігі.  

Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя, Смаргонскі раён

Фота з суполкі ў фэйсбуку “Збігнеў Жакевіч” і газеты “Светлы шлях”