Вільня: альтэрнатыўная ёлка ў турэмным двары



Турэмны комплекс Лукішкі (Lukiškių kalėjimas) ператвараецца ў аб’ект гарадской прасторы. Пытанне пра тое, каб ліквідаваць турму ў цэнтры сталіцы, вырашалася ўжо даўно. Пасля таго, як у ліпені гэтага году апошніх  зняволеных пераразмеркавалі ў іншыя падобныя ўстановы, актуальным стала пытанне, якім чынам найлепей  выкарыстаць  гэтую тэрыторыю.

Сёлета тут вырашылі абсталяваць альтэрнатыўную Калядную прастору. “Раство прыйдзе ў былую закрытую зону. Горад разглядае гэты двор як адкрытую культурніцкую прастору для правядзення мерапрыемстваў. Такія ініцыятывы, як “Альтэрнатыўны калядны дворык”, стануць стымулам для таго, каб гэтая зона, нарэшце, зрабілася адметнасцю і часткай  гораду”,  сказаў мэр Вільні Рэмгіюс Шымашус.

Ахвотныя наведаць альтэрнатыўную ёлку могуць убачаць разнастайныя светлавыя інсталяцыі, прыкладам, ілюзію турэмнага калідору.  Тут можна сфатаграфавацца ў святле пражэктара, які нагадвае кантрольнае асвятленне турэмнага двара альбо каля браніраванай турэмнай брамы.  Самы значны аб’ект – гэта 13-метровая “ёлка”, сабраная з металічных труб, па якіх царкулюе вада. Яе вершаліна нагадвае “вышку” турэмнага вартаўніка, а лазерная падсветка дадае яшчэ больш сюррэалізму ў гэтую карціну.  Інсталяцыя важыць больш за 15 тон, яе аўтар Оскар Гуд кажа, што імкнуўся перадаць узаемадзеянне прыроды і тэхналогій.

Штовечар у турэмны двор прыходзяць сотні гледачоў. Камусьці ўбачанае падабаецца, хтосьці лічыць, што атмасфера гэтага месца не можа стварыць святочнага  настрою.  Турму ў Вільні збудавалі на загад расейскага цара Мікалая ІІ, яна  праіснавала тут 115 гадоў. Былы турэмны комплекс складаецца з 6-ці будынкаў: тут былі ўласна памяшканні для зняволеных, шпіталь, адміністратыўныя і прамысловыя памяшканні, кантрольна-прапускны пункт і царква Мікалая Цудатворцы.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя