Віртуальныя туры па ўсіх музеях будуць стварацца ў Гарадзенскай вобласці



У Гарадзенскай вобласці плануецца перавесці ў лічбавы фармат экспазіцыі музеяў і прэзентаваць віртуальныя туры па іх. Аб гэтым на падагульняючай калегіі ўпраўлення культуры паведаміў журналістам намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч.

Прэзентацыя музеяў у віртуальнай прасторы дасць магчымасць выгадна прадставіць рэгіён на ўнутраным і знешнім турыстычных рынках, прыцягнуць у вобласць новых гасцей. „Тым больш што нам ёсць што паказаць. У вобласці нямала ўнікальных музеяў, пастаянна адкрываюцца новыя экспазіцыі. Напрыклад, толькі ў Гарадзенскім раёне за апошні час адкрыліся музей пісанкі, музей беларускага ручніка, музей лялек і экспазіцыя мініяцюр значных архітэктурных аб’ектаў. Запланавана адкрыццё новых музеяў і ў гэтым годзе”, – адзначыў Віктар Лісковіч.

Ён расказаў, што ў рэгіёне распрацоўваецца таксама мабільны дадатак, які раскажа аб найбольш цікавых славутасцях і месцах адпачынку ўздоўж асноўных трас рэгіёна. Цалкам рэалізаваць яго плануецца да верасня: гэта стане адным з падарункаў да 75-годдзя Гродзенскай вобласці.

„Гэты год для рэгіёна, у тым ліку і для работнікаў сферы культуры, вельмі адказны. Наперадзе нямала знакавых дат, падзей, якія неабходна адзначыць і правесці на самым высокім узроўні. Размова перш за ўсё аб 75-годдзі вызвалення Беларусі і 75-годдзі Гарадзенскай вобласці, юбілеі Наваградка, святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Слоніме. І такіх мерапрыемстваў каля двух дзясяткаў, усе яны розныя па фармаце, але аб’ядноўваюць Гарадзенскі рэгіён, паказваюць яго дасягненні”, – сказаў Віктар Лісковіч. Ён падкрэсліў, што ключавая роля ў правядзенні гэтых мерапрыемстваў адводзіцца работнікам культуры.

Начальнік упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч расказала, што на 2019 год запланавана і некалькі значных адкрыццяў. Ужо ў I квартале ў Гародні будзе ўведзены ў строй адзін з самых доўгачаканых аб’ектаў – будынак абласной філармоніі. Новая зала ў ёй, разлічаная на 1,2 тыс. гледачоў, стане самай ёмістай пляцоўкай у рэгіёне. Манціруецца ў філармоніі самае сучаснае гукавое і светлавое абсталяванне.

„Нас чакаюць новыя музейныя экспазіцыі ў Лідскім і Гальшанскім замку, адкрыццё якіх будзе прымеркавана да 75-годдзя Гарадзенскай вобласці”, – адзначыла Алена Клімовіч. У 2019 годзе плануецца завяршыць знадворныя работы ў палацава-паркавым комплексе Свяцк у Гарадзенскай раёне.

Запланавана ў рэгіёне і нямала цікавых невялікіх брэндавых свят і мерапрыемстваў. Многія з іх сталі папулярнымі не толькі ў сваім населеным пункце або раёне, але і далёка за іх межамі.

belta.by

[manual_related_posts]