Восень, а Базыльянскі кляштар у Воршы – без даху



Ці захаваецца, ці будзе адрэстаўраваны Базыльянскі комлекс у Воршы – гэтае пытанне даўно хвалюе грамадскаць. Гістарычны помнік перададзены праваслаўнай царкве і ўжо з 2004 году, стаіць без даху.

IMG_2556

У двары комплекса ў апошні год з’явіліся новыя царкоўныя пабудовы з новым лахам. Між тым унікальны помнік разбураецца.

Комплекс Базыльянскага кляштару ў Воршы – унікальны помнік архітэктуры. На сённяшні дзень ён перададзены Праваслаўнай царкве, каля яго пабудаваная драўляная праваслаўная капліца з характэрнай “цыбулінай”.

У 1758-74 гадах храм быў узведзены ў цэнтры Воршы на правым беразе ракі Аршыцы ў стылі Віленскае барока. Першапачаткова гэта была ўніяцкая царква Апекі Маткі Боскай. Побач знаходзіліся жылыя корпусы кляштара базыльянаў. Пасля адмены Уніі і храм, і кляштар былі перададзеныя праваслаўным – там размясціўся праваслаўны мужчынскі Пакроўскі манастыр і духоўнае вучылішча. Царква стала называцца Свята-Пакроўскай.

Саракаметровы будынак храма ўзарвалі напрыканцы 60-ых гадоў. Аршанцы памятаюць, як гэта было, і сцвярджаюць, што нават у выглядзе руінаў царква выглядала велічна і пакідала моцнае ўражанне.

Сярод тых, хто бачыў, як знішчалі царкву, быў і вядомы мастак Мікола Купава, які зараз робіць дабрачынную акцыю – арганізаваў адмысловы аўкцыён і перадае грошы ад прададзеных карцін на рэстаўрацыю “базыльянаў”.

Царкву ўзарвалі, а манастырскія корпусы на беразе ракі Аршыцы пакінулі. Доўгі час у іх былі камуналкі, у якіх жылі людзі. У падвале размяшчалася хакейная секцыя, а на месцы ўзарванай царквы знаходзілася спартыўная пляцоўка. Потым на месцы пляцоўкі пабудавалі Гарадское ўпраўленне міліцыі. А ў 1994 годзе міліцыя пачала тут будаваць ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ), але ў той раз ўдалося адстаяць падмурак царквы. У 90-ыя гады тут планавалі зрабіць карціную галерэю, але на той момант у будынку кляштару яшчэ жылі людзі.

Зараз шмат пытанняў: ці захаваецца комплекс, ці адновіцца? А калі адновяць, то ці будзе яго выгляд адпавядаць гістарычнаму?

 Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя