Вуліцы Джыракастры



Албанскае мястэчка Джыракастра супаставімае па памерах з нашымі Рагачовым ці Лунінцам: каля дваццаці пяці тысяч насельніцтва, два жылых раёны, тры супермаркеты, аўтастанцыя…

Але для шпацыру па Джыракастры трэба мець жалезныя ногі і такое жа жалезнае трыванне. Мястэчка стаіць на крутым узвышшы, прытым некаторыя вуліцы падымаюцца амаль што пад кутом у сорак пяць градусаў. Дый прамых вуліц не знойдзеш: яны звіваюцца, разыходзяцца, упіраюцца ў тупікі ці распускаюцца ў лабірынтах вузкіх завулкаў, заблукаць у каторых куды прасцей, чым адтуль выбрацца.

Гістарычны цэнтр, збудаваны за часамі Асманскай імперыі, захаваўся практычна без зменаў. Толькі цяпер у абарончых вежах, так званых “куле”, жывуць не турэцкія ваяры, а шэраговыя месцічы – пераважна хрысціяне, пра што сведчаць шматлікія абразы каля ўваходных брамаў.

Частка іх занятая ў турызме, частка – на транспарце, частка – у гандлі. Але ў некаторых дварах можна пабачыць авечак, якіх жыхары мястэчка выганяюць на пашы.

Цікава – як тыя авечкі ходзяць па крутых вуліцах, забрукаванай коўзкімі, выцертымі часам камянямі?

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя