Вёска Слабада Лепельскага раёна



Вёска Слабада Лепельскага раёна (былая Свяда, якую перайменавалі ў 1971 годзе) пачынае сваю гісторыю з ХV стагоддзя. Яна знаходзіцца за 14 км ад Лепеля, у Слабадскім сельсавеце. У Лепельскім раёне ёсць яшчэ адна вёска Слабада, яна месціцца ў Горскім сельсавеце.

Увогуле ў Беларусі больш за 70 вёсак з такой назвай. Большая палова з іх – у Віцебскай вобласці, там назву Слабада маюць 39 вёсак.

Як распавядае Ларыса Шабунёва, старажылка вёскі Слабада Лепельскага раёна, у 1789 годзе ў вёсцы была пабудаваная царква святых бяссрэбнікаў і цудатворцаў Касмы і Даміяна. У той час вёска Слабада называлася Свяда і належала полацкаму ваяводзе Фадзею Жабо. Пасля царква была перабудаваная на тым жа самым месцы Аляксандрай Івановай, жонкай палкоўніка. Царква стала вялікай, з трыма купаламі, званіцай, у даўжыню складала 20 метраў, у шырыню – 10 м. Падчас Другой сусветнай вайны царкву спалілі партызаны.

Цяпер на яе месцы будуецца новы храм, але значна меншы, з адным купалам. Новая царква размясцілася ўнутры падмурка старой, але іканастас будзе стаяць на тым жа самым месцы, дзе і быў раней.

Пакуль жа царква месціцца ў будынку старой хаты, дзе калісьці жыў праваслаўны святар Міхаіл Садоўскі. У 1888 годзе пасля заканчэння Менскай духоўнай семінарыі ён быў прызначаны настаяцелем храма Касмы і Даміяна. У гэтай царкве ён праслужыў трыццаць тры гады і быў закатаваны бальшавікамі.

За два тыдні да Вялікадня, з успамінаў сведкаў, у вёску прыехалі два чэкісты з Лепеля, зайшлі ў храм, спынілі набажэнства і запатрабавалі ў святара Міхаіла аддаць ім залаты крыж. Святар адмовіўся. Тады яны вывелі яго з храма, скруцілі рукі вяроўкай, а іншы канец прывязалі да сядла і пагналі коней. Па дарозе святара жорстка білі пугай, па словах сведкаў, у яго была падзёртая скура на галаве. Падчас здзекаў над святаром на шляху чэкістаў сустрэлася жанчына, якая стала перад імі на калені і ўмольвала адпусціць святара. Бальшавікі адпусцілі яго дадому ўжо знясіленага, ён пражыў усяго некалькі дзён і памёр. Сям’я пахавала яго за дзесяць метраў ад царквы з левага боку.

Але пасля пахавання здарылася больш жудаснае. Вось што распавядаў пра гэта Георгій Гарачка: “На другі дзень пасля пахавання прыехалі чэкісты, адкапалі цела, рассеклі на кавалкі і скармілі сабакам. Астанкі святара Міхаіла сабраў і пахаваў на ранейшым месцы, побач з царквой стары манах, які жыў у той час у вёсцы”. Вось так, у 1921 годзе протаіерэй Міхаіл Садоўскі прыняў пакутніцкую смерць за веру.

Цяпер намаганнямі старасты храма Ларысы Шабунёвай, праваслаўных святароў ды іншых вернікаў адбудоўваецца новая праваслаўная царква на старым месцы і аднаўляецца памяць пра былога святара Міхаіла Садоўскага. У гэтым ім дапамагаюць беларускія і расейскія мецэнаты. Але будоўля доўжыцца павольна, бо патрэбна шмат грошай, наперадзе самая складаная і дарагая частка прац – замова і ўстаноўка іканастасу.

Гэтым летам у вёсцы Слабада плануецца яшчэ адна важная падзея. Там збіраюцца адкрываць моцы і праслаўляць протаіерэя Міхаіла Садоўскага як пакутніка.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя