Загадкавае возера Кромань



Адно з сама чароўных возераў Беларусі Кромань ляжыць на мяжы сучасных Наваградскага і Стаўпецкага раёнаў. Даўно марылася патрапіць на яго і вось нарэшце ўдалося. Нечым Кромань нагадвае іншае легендарнае возера Свіцязь, а па загадкавасці прыроднага паходжання дакладна яму не саступае.

Даехаць да Кромані ня так проста: трапіць сюды можна альбо едучы са Стоўпцаў праз Налібакі, альбо з Карэлічаў ці Наваградку праз мост над Нёманам пад Шчорсамі. Гравейная дарога спярша добрая, потым горшая, але варта не пашкадаваць машыну, каб даехаць да круглага пушчанскага возера. Зрэшты дабрацца туды можна і на ровары. Некалі сюды любілі наведвацца князі Вярэйскія, магнаты Радзівілы і Храптовічы, якія з задавальненнем бавілі час на берагах Кромані.

Возера Кромань сапраўды мае амаль ідэальную круглую форму з дыяметрам каля кіламетра. Такая форма парадаксальна досыць глыбокага возера пасярод Налібоцкай раўніннай пушчы спараджае версію і пра іншапланетнае яго паходжанне.

Агульная даўжыня берагавой лініі Кромані 5 з паловай кіламетраў. Найбольшая глыбіня – 26,5 метры. Існуе мясцовае паданне, паводле яго некалі на гэтым месцы стаяў прыгожы храм, які пазней пайшоў на дно. Так і ўтварылася Кромань. Нібыта да гэтага часу можна пачуць са дна глыбіннага возера водгулле званоў, а таксама пабачыць на вадзе шпілі і крыжы, якія трымцяць. 

Турыстычная інфраструктура вакол Кромані развіта слабавата, але гэта, у час татальнага забруджвання чыстых азёр, бадай што плюс. Да ўсяго вандроўнікі і рыбакі могуць скарыстацца невялікімі драўлянымі домікамі, прычым у кожную пару году.

Кожны домік забяспечаны мангалам, газавай плітой, халадзільнікам, біяпрыбіральняй і электрычнасцю, якая падаецца генератарам. Распаліўшы печ, можна начаваць і зімой. Каштуе такі домік, разлічаны на чатырох чалавек, 60-70 беларускіх рублёў. Можна прыехаць і са сваімі намётамі, тады начлег абыдзецца танней. Ёсць лодка і катамаран, якія можна ўзяць за дадатковую плату. Так што мясцовы рыбалоўна-турысцкі комплекс у цэлым задаволіць наведнікаў дзівоснага возера.

Людзей на Кромані, у адрозненне ад Свіцязі, няшмат, што дазваляе атрымаць сапраўдную асалоду ад сузірання прыроды.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара