BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

10 лакацый, якія трэба наведаць у Таліне

Прыехаўшы ў сталіцу Эстоніі, Талін, які месціцца на беразе Балтыйскага мора і ў якім жыве зараз крыху больш за 450 000 чалавек, варта наведаць яе асноўныя славутасці. А таксама спазнаць смакі гэтага прыморскага горада, наведаць порт, рынак, праехацца на мясцовым трамвайчыку ды пашпацыраваць вулачкамі старога горада.

Талін – вельмі разнастайны горад: сярэднявечны, дызайнерскі і нават хіпсцерскі. У ім вельмі гарманічна спалучаецца архітэктура розных часоў, гэта адзін з найлепшых прыкладаў добрай працы архітэктараў.

Шпацыр па сталіцы Эстоніі лепш пачынаць у  квартале Ротэрмані, які праходзіць праз Стары горад і заканчваецца ў раёне Тэлісківі.

Квартал Ротэрмані – былы прамысловы квартал з кацельнямі, млынамі і складамі, які зараз можна назваць узорам сучаснай архітэктуры. Ротэрмані – прыклад таго, якім прыгожым можа быць горад, калі ўмела аб’яднаць старую архітэктуру і новую. Склады і вытворчыя памяшканні адрэстаўраваныя і перапраектаваныя. Цяпер там дарагія офісы, крамы і рэстараны.

Па квартале вельмі прыемна гуляць. Там усяго 8 завулкаў і абысці іх можна за 10 хвілін.

Стары горад уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ад XI—XV стагоддзя да нашых дзён захавалася вялікая частка будынкаў, сетка сярэднявечных вуліц і вялікая частка крапасной сцяны (адна з найбольш захаваных старажытных гарадскіх сцен у Паўночнай Еўропе) з вежамі і варотамі. Усяго там 18 гістарычных вежаў.

Вірускія вароты. Уваходаў у Стары горад каля дзясятка, але праз Вірускія вароты – самы прыгожы і парадны. Калісьці гэта была галоўная брама ў крапасной сцяне, якая абараняла сярэднявечны Талін. Цяпер гэта сапраўдны часовы партал. Толькі што ты быў на сучаснай вуліцы, якая запоўненая транспартам і людзьмі, а праз два крокі пападаеш у таямнічыя завулкі з каменнай маставой і хатамі, якім па 400—500 гадоў.

Ратушная плошча – самая вядомая плошча Таліна, цэнтральнае месца Старога горада. У цэнтры знаходзіцца сярэднявечная гарадская ратуша, па перыметры – старыя дамы і мноства кавярняў. Да Калядаў там адкрываецца кірмаш з ялінкамі, агнямі, сувенірамі і глінтвейнам. У гэты час плошча выглядае асабліва атмасферна і казачна, а пах глінтвейна адчуваецца па ўсім старым горадзе.

Завулак Святой Катарыны. У Старым горадзе дзясяткі завулкаў, але гэты самы вядомы. Маленькую вулачку даўжынёй усяго 135 метраў упрыгожваюць невялікія арачныя перакрыцці. Яны надаюць завулку Святой Катарыны арыгінальны выгляд.

Калісьці ў завулку было шмат майстэрняў. Цяпер там знаходзіцца гільдыя мясцовых рамеснікаў, якая таксама носіць імя Катарыны. Там працуюць шкловыдзімальшчыкі, ткачы, ганчары. Можна паглядзець, як майстар выконвае сваю працу, і купіць сувеніры: вырабы са шкла, керамікі, ваўняныя хусткі і шалі, тканіну і адзенне ў нацыянальным стылі.

Сад дацкага караля – маленькі парк у верхняй частцы Старога горада. Туды прыходзяць дзеля вялікіх статуй манахаў. Яны выглядаюць загадкава. З месцам звязана легенда 13 стагоддзя аб бітве часоў праўлення датчан. Калі войскі датчан пачалі прайграваць, біскупы ўзмаліліся богу і з нябёсаў спусціўся чырвона-белы дацкі сцяг. Божы знак падбадзёрыў воінаў і дапамог атрымаць перамогу. Уваход у сад бясплатны.

Манахам прынята кідаць манетку і загадваць жаданне, з імі атрымліваюцца выдатныя фота. Увечары там асабліва каларытна: горад пакрыты цемрай, а скульптуры падсветлены знутры.

Тэлісківі – хіпсцерскі квартал з мноствам кафэ, майстэрняў і дызайнерскіх крам. Гэта тэрыторыя двух відаў мастацтва: сучаснага стрыт-арта і гастраноміі. Такія кварталы часта называюць крэатыўнай прасторай. Турысты прыходзяць у Тэлісківі паглядзець на прыгожыя графіці і перакусіць у мясцовых кафэ.

У  Тэлісківі таксама калісьці была прамысловая тэрыторыя. Цяпер там абгрунтаваліся сучасныя тэатры, незалежная харэаграфічная сцэна, музычныя гурты, дызайнерскія крамы. Яшчэ там праходзяць кірмашы, канцэрты, выставы, а па суботах працуе блышыны рынак.

Яшчэ ў Тэлісківі ёсць цэнтр фатаграфіі «Фатаграфіска» – франшыза вядомага стакгольмскага музея.

Рынак Балтыйскага вакзала. Ён знаходзіцца  побач з кварталам Тэлісківі. Там ёсць усё, ад мяса і прысмакаў да адзення і антыкварыяту.

Стрытфуд-раён «Дэпо» таксама працуе па суседстве з Тэлісківі. Калісьці там было вагоннае дэпо, і амаль усе ўстановы размешчаны ў былых вагонах ці таварных кантэйнерах. Таксама ў Таліне можна паесці смачныя шашлыкі ды іншыя стравы ў сетцы найбольш папулярных рэстаранаў “Армуду”. А з’езсці салодкія прысмакі ў выглядзе цукерак ручной работы можна ў адной з кавярняў у цэнтры горада Chocolala  ў будынку былога паштампу, дзе, дарэчы, месіцца і музей шакаладу. Таксама можна наведаць крамы вядомай эстонскай кандыдарскай фабрыкі “Калеў”.

Талінскі пасажырскі порт або Ванасадам. Гэта асноўны пасажырскі порт у Таліне, размешчаны ён у цэнтры горада, адзін з найбольш загружаных пасажырскіх портаў Балтыйскага мора. Не важна, летам ці зімой, але там ёсць таксама на што паглядзець. Штотыдзень туды прыходзяць паромы і круізныя лайнеры са Швецыі, Фінляндыі ды іншых краін. Раней было і спалучэнне з Санкт–Пецярбургам, зараз яно адсутнічае. Больш за 90% турыстаў з Фінляндыі карыстаюцца менавіта гэтым відам транспарту, каб трапіць у Талін.

Побач з портам шэраг гатэляў, рэстараны і гандлёвы цэнтр.

У артыкуле пералічана толькі 10 асноўных лакацый Таліна, але вядома, што гэта не ўсе цікавосткі, якія прывабліваюць турыстаў. Ды і ў кожнага турыста свой густ.

Беларускае Радыё Рацыя