„Атаманы ўкраінска-беларускага сумежжа”. Справа 1921 г.



Яшчэ ў васьмідзесятыя гады на поўдні Гомельшчыны была папулярная прымаўка: «Гэта не чалавек, а нейкі Галака!»

Іван Васільчыкаў, больш вядомы як «атаман Галака», пакінуў пасля сябе ў гомельскіх ваколіцах нядобрую памяць. Гэтае імя асацыюецца найперш з яўрэйскімі пагромамі, а таксама з рабаўніцтвам беларускіх сялян. Баевікі атамана Галакі, сярод якіх было нямала этнічных беларусаў, дзейнічалі ва ўкраінска-беларускім сумежжы ажно да 1922 года. Вакол Галакі і галакаўцаў было створана багата міфаў і легенд, шмат з якіх жывыя дагэтуль.

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_01

* * *

У 1917 годзе мільёны былых салдат былога царскага войска, пераважна вяскоўцаў, пацягнуліся з фронтаў па родных хатах. Ці не большасць з іх паверылі лозунгу бальшавікоў «Зямля – сялянам!»

Але аніякай зямлі яны не атрымалі. У вёсках лютавалі камісары, якія паводле пастановы СНК ад 1918 года пра харчразвёрстку рэквізавалі ўвесь хлеб. Тое, што сяляне паспявалі прыхаваць у нейкі цуд, адбіралі рэгулярныя часткі Чырвонай арміі, прытым найбольш актыўнічалі коннікі Шчорса.

Із заклику Загальноукраїнського революційного комітету, 1919 р.

Ці «господа» назвали себе «комуністами» й почали грабувати бідняцьке населення України та вивозити зі спекулятивними цілями в Росію. Таким чином, ми опинилися під п’ятою різних присланих до нас комісарів, які поводяться у нас ще гірше, ніж царські пристави.

Былыя ветэраны Першай сусветнай яшчэ не забыліся на франтавы досвед. Ці не самым дасведчаным вайскоўцам чарнігаўска-гомельскага сумежжа і быў харызматычны Іван Васільчыкаў, больш вядомы, як атаман Галака.

Біяграфія Івана Аляксеівіча Галакі неверагодная, як прыгодніцкі фільм. Заможны селянін, ён падчас Першай сусветнай стаў падпаручнікам царскай арміі. Напачатку 1919 былы царскі афіцэр далучыўся да чырвонай Багунскай дывізіі, дзе быў злоўлены на марадзёрстве, асуджаны да расстрэлу, але ўцёк з турмы і стварыў уласны партызанскі атрад.

Першапачаткова ў атрадзе было 72 чалавекі, сярод каторых былі і этнічныя беларусы – напрыклад, намеснікам Галакі стаў былы лоеўскі жандар Хадыка, вядомы па мянушцы «Добры вечар».

Так ва ўкраінска-беларускім сумежжы пачалася крывавая і рамантычная эпоха «бацькі-атамана Галакі».

Неўзабаве атрад Галакі налічваў каля 600 чалавек, прытым да яго далучыліся не толькі былыя чырвонаармейцы, але і дэзерціры з Чарнігаўскага і Гомельскага ЧК.

Управление НКВД по Черниговской области. Уголовное дело № 36974, открыто 7 сентября 1935 г.

Следственными действиями установлено, что Нечай Андрей Степанович, 1896 г. р., (…) в 1919 г. дезертировал от призыва в РККА в лес, где обстреливал проходящие красноармейские части и убил комиссара (…) поддерживал тесную связь с бандой ГАЛАКО…

Па сутнасці, і Галака, і ягоныя баевікі былі стыхійнымі анархістамі. Іх палітычная праграма зводзілася да забойства прыхадняў, а такімі галакаўцы лічылі не толькі чырвоных камісараў і тых сялян, якія не супраціўляліся бальшавікам, але і мясцовых яўрэяў.

Из листовки, распространяемой атаманом Галакой в Репкинском районе:

«Граждане! Спасайте себя от жидов! Бейте их! Мы боремся за вас. Галака»

Толькі ў Рэпках атаман Галака і ягоныя баевікі знішчылі каля 200 габрэяў, сярод каторых былі старыя і дзеці. Усяго цягам 1919-1921 гадоў галакаўцы выразалі амаль усіх яўрэяў у чарнігаўска-гомельскім сумежжы.

Вядома, што да атамана Галакі прыязджаў прадстаўнік Станіслава Булак-Балаховіча, але паразумецца ў іх не атрымалася. Ёсць звесткі, што прычынай непаразумення акурат і стаў пячорны антысемітызм «атамана памежжа».

У красавіку 1920 г. супраць Галакі быў накіраваны атрад ЧК у 100 чалавек з 4 кулямётамі. Атаман Галака пераправіўся праз Дняпро і заняў Лоеў. У гомельскім ЧК пачалася паніка – у горадзе пайшлі чуткі, што галакаўцы збіраюцца захапіць Гомель.

Але ж атаман абмежаваўся толькі чарговай разнёю лоеўскіх яўрэяў, а таксама бязлітасным рабаваннем тых беларускіх сялянаў, якіх ён лічыў «памагатымі бальшавікоў». Для ліквідацыі Галакі скіравалі некалькі буйных атрадаў ЧК і Чырвонай арміі. «Бацька-атаман» адступіў на Сівершчыну, на балотнай выспе пад вёскай Замглай стварыў патаемную базу, адкуль раз-пораз рабіў налёты на райаддзелы міліцыі і ЧК.

* * *

Змаганне з няўлоўным атаманам зацягвалася да непрыстойнасці. З Масквы ў Чарнігаў і ў Гомель паляцелі абураныя тэлеграмы: «Знішчыць… Пакараць… Расстраляць…»

Урэшце-рэшт, чакісты ўкаранілі ў атрад Галакі свайго супрацоўніка Андрэя Ганчара…

Архив Чекистской комнаты УКГБ по Черниговской области.

«После одного из налетов бандиты прибыли на остров Замглай. После пьянки беспечно и спокойно расположились спать. Сам Галако тоже лег спать, оставив бодрствовать своих телохранителей с пулеметом. Гончар тоже лежал на повозке и делал вид, что спит. Когда он увидел, что охрана с пулеметом уснула, а оружие у него был только топор для рубки дров, Гончар решил рискнуть. Этим топором он разрубил Галако голову и бросился бежать…

Гончара ВЧК наградило золотыми часами и 100 000 рублей деньгами»

Для шмат каго ў сучаснай Украіне атаман Галака – герой, які змагаўся з бальшавізмам. Для ўкраінскіх і беларускіх яўрэяў гэта – сапраўдны вылюдак. Такім, зрэшты, Галака застаўся і ў памяці тых жа жыхароў Лоева, дзе ягоным іменем яшчэ ў васьмідзясятыя гады лякалі дзяцей…

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_02

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_03

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_04

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_05

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_06

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_07

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_08

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_10

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_11

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_12

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_13

2016-05-24_achromienka_na_uliku_kdb_9_14

* * *

Наступным разам мы пагаворым пра беларусаў з Падляшша, справы на якіх таксама перахоўваюцца ў архівах украінскіх спецслужбаў.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Архіву СБ Украіны ў Чарнігаўскай вобласці за прадстаўленыя матэрыялы, архіўная справа “П-953.

  • Anonim

    Бандиты есть бандиты…

Комментарии для сайта Cackle