Справа 1937 г. “Нелюдзь з Берасця. Механіка Вялікага Тэрору”



Органы Дзяржаўнай бяспекі Беларусі стваралі выключна фашысты, тэрарысты, замежные шпегуны і іншыя ворагі народа. У гэтым можа лёгка пераканацца кожны, хто наведае афіцыйны сайт Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Рэспублікі Беларусь і перагляне рубрыку “Кароткія біяграфіі кіраўнікоў”. З чатырнаццаці даваенных кіраўнікоў беларускага ЧК-ВЧК-ГПУ-ОГПУ-НКВД трынаццаць былі выкрытыя як злачынцы супраць народнай улады, працоўнага люду і сацыялістычнай законнасці, і расстраляныя, бы тыя шалёныя сабакі. Чацьвёра з гэтых трынаццаці ворагаў народа не рэабелітаваныя, дый рэабелітацыя астатніх вельмі сумнеўная.

Адзін з такіх нерэабелетаваных ворагаў – Ізраіль Маісеевіч Леплеўскі, былы наркам НКВД БССР…

Для таго, каб зрабіць кар’еру ў сталінскіх спецслужбах, не патрабавалася ані таленту, ані інтэлекту, ані нават сярэдняй адукацыі. Абсалютная большасць тагачасных чэкістаў мела за плячыма усяго толькі 3-4 класы царкоўнапрыхадской школы. Для службовага росту трэба было дасканала выконваць усе загады начальства, дэманстраваць добрыя паказчыкі па раскрыццю “антысавецкіх змоваў” і, — асабліва! — мець яскравую рэвалюцыйную харызму.

Ізраіль Маісеевіч Леплеўскі адпавядаў гэтым патрабаванням у поўнае ступені.

Будучы чэкіст паходзіў з яўрэйскай галоты Берасця; тата перабіваўся эпізадычнай працай на чыгунцы, а маці трымала тытунёвую лаўку. Акрамя Ізраіля, у сям’і было яшчэ восем дзетак. Жаданне “выбіцца ў людзі” і стала ці не найгалоўным матывам у жыцці маленькага Ізі. Калі б Леплеўскі нарадзіўся на якіх поўстагоддзя раней, з яго б, напэўна, атрымаўся  талмудыст і грамацей, найлепшы вучань ешыботу. Ці бязлітасны ліхвяр, які б рабаваў нават свайго брата-яўрэя.

Прыход да ўлады бальшавікоў адкрыў перад правінцыйным яўрэскім юнаком бліскучыя перспектывы: ён падаўся ў рэвалюцыю. Прыродная прадпрымальнасць, памножаная на рэвалюцыйны імпэт, дазволілі Леплеўскаму збудаваць бліскучую кар’еру: у дваццаць дзевяць гадоў ён узначаліў Адэскі акруговы аддзел ГПУ, у трыццаць адзін – лічыўся ці не найлепшым “агентурыстам” у Інфармацыйна-асведамляльным аддзеле ГПУ УССР.

Невядома, у які момант выхадзец з традыцыйная сям’і берасцейскіх яўрэяў ператварыўся ў нелюдзя. Вядома іншае: Леплеўскі вельмі любіў катаваць. Ён, напрыклад, уласнаручна збіваў камандарма Іону Якіра і маршала Міхаіла Тухачэўскага. З 1934 годзе Ізраіль Маісеевіч узначальваў НКВД БССР, дзе лютаваў да 1936 года: розныя крыніцы называюць ад сарака да васьмідзесяці тысяч рэпрэсаваных па яго непасрэдных загадах.

Перад пачаткам “Вялікага Тэрору” Ізраіля Маісеевіча прызначылі наркамам НКВД Украіны. Цягам двух гадоў Леплеўскі педантычна выконваў самыя злачынныя загады Лубянкі і Крамля.

Напрыклад, такія:

НАРКОМУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ ПО УССР

КОМИССАРУ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ 2 РАНГА

ТОВ. ЛЕПЛЕВСКОМУ, КИЕВ.

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

ОПЕРАТИВНЫЙ ПРИКАЗ

НАРОДНОГО КОМИССАРА ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СОЮЗА ССР

15 августа 1937 г.

г. Москва

№ 00486

С получением настоящего приказа приступите к репрессированию как изменников родины, членов право-троцкистских, шпионско-диверсионных организаций (…)

При проведении этой операции руководствуйтесь следующим:

ПОДГОТОВКА ОПЕРАЦИИ

  1. В отношении каждой, намеченной к репрессированию семьи, проводится тщательная ее проверка, собираются дополнительные установочные данные и компрометирующие материалы.

На основании собранных материалов составляется:

а) подробная общая справка на семью (…)

б) отдельная краткая справка на социально-опасных и способных к антисоветским действиям детей старше 15 летнего возраста;

в) именные списки детей до 15 лет отдельно дошкольного и школьного возраста.

(…)

У загадзе на імя Леплеўскага падаецца  пералік і тых, хто падпадае пад арышт, і тых, каго чэкісты выключаюць з рэестру “ворагаў народа”.

ПРОИЗВОДСТВО АРЕСТОВ И ОБЫСКОВ

  1. Намеченные к репрессированию арестовываются. Арест оформляется ордером.
  2. Аресту подлежат жены, состоящие в юридическом или фактическом браке с осужденным в момент его ареста. Аресту подлежат также жены, хотя и состоявшие с осужденным к моменту его ареста в разводе, но:

а) причастные к контрреволюционной деятельности осужденного;

б) укрывавшие осужденного;

в) знавшие о контрреволюционной деятельности осужденного, но не сообщившие об этом соответствующим органам власти.

(…)

  1. Аресту не подлежат:

а) беременные жены осужденных, имеющие грудных детей; тяжело или заразно больные; имеющие больных детей, нуждающихся в уходе; имеющие преклонный возраст.

В отношении таких лиц временно ограничивается отобранием подписки о невыезде с установлением тщательного наблюдения за семьей.

б) жены осужденных, разоблачившие своих мужей и сообщившие о них органам власти сведений, послуживших основанием для разработки и ареста мужей;

Абсалютная большасць спраў “ворагаў народа” у 1937-1938 гадах разглядаліся не ваеннымі трыбуналамі ці судамі, а так званымі “пяцёркамі” і “тройкамі” – Асобымі нарадамі, якія за 10-20 хвілінаў зацьвярджалі да расстрэлаў спісы па 100, 500 і нават 1000 чалавек.

Маскоўскі загад дае падрабязную інструкцыю – як і на колькі асуджаць членаў сямей “ворагаў народа”.

РАССМОТРЕНИЕ ДЕЛ И МЕРЫ НАКАЗАНИЯ

  1. Особое Совещание рассматривает дела на жен изменников родины и тех их детей старше 15 летнего возраста, которые являются социально опасными и способны к совершению антисоветских действий.
  2. Жены осужденных изменников родины подлежат к заключению в лагеря на сроки, в зависимости от социальной опасности, но не менее, чем на 5-8 лет.
  3. Социально опасные дети осужденных, в зависимости от их возраста, степени опасности и возможности исправления, подлежат к заключению в лагеря или исправительно-трудовые колонии НКВД, или водворению в детские дома особого режима (…)

 Пакаранням дзяцей “ворагаў народа” надаецца ці не найбольшая ўвага:

 ПОДГОТОВКА К ПРИЕМУ РАСПРЕДЕЛЕНИЯ ДЕТЕЙ

  1. В каждом городе, в котором будет проводиться операция, специально оборудуется:

а) приемно-распределительный пункт, в который будут доставляться дети тотчас же после ареста их матерей и откуда дети будут направляться затем по детским домам;

б) специально организуются и оборудуются помещения, в которых будут содержаться до решения Особого Совещания НКВД социально-опасные дети;

(…)

НАБЛЮДЕНИЕ ЗА ДЕТЬМИ ОСУЖДЕННЫХ

  1. Наблюдение за политическими настроениями детей осужденных, за их учебой и воспитательной жизнью возлагается на Наркомат Внутренних Дел республик, начальников управления НКВД краев и областей.

(…)

 НАРОДНЫЙ КОМИССАР ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СССР

ГЕНЕРАЛЬНЫЙ КОМИССАР ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

/ЕЖОВ/

 Загады Лубянкі па арыштах і ліквідацыях ворагаў народа, а таксама іх жонак і дзетак выконваліся таварышам Леплеўскім дасканала. За ўзорнае іх выкананне наркам НКВД і атрымаў другі ордэн Леніна (першы ордэн Леніна ён атрымаў за выкананне аналагічных загадаў у Беларусі).

Здавалася, кар’ера Ізраіля Маісеевіча пайшла ўгару: у красавіку 1938 г. Леплеўскі перайшоў працаваць на Лубянку, дзе ўзначаліў адзін з ключавых аддзелаў НКВД СССР – транспартны.

Але ў тым жа красавіку Леплеўскі быў арыштаваны проста ў сваім лубянскім кабінеце. Пасля непрацяглых, але энэргічных допытаў Ізраіль Маісеевіч прызнаўся, што ён з’яўляецца “фашысцка-трацкісцкім шпегам, які прабраўся ў кіраўніцтва НКВД па заданні нямецкай выведкі”. Следства цягнулася тры месяцы, цягам каторых Леплеўскі і назваў чэкістам хаўруснікаў-фашыстаў: усіх сваіх намеснікаў, усіх сяброў, саслужыўцаў і нават роднага брата Гіршу Леплеўскага, які раней працаваў намеснікам Генеральнага пракурора СССР.

Ізраіля Маісеевіча расстралялі на падмаскоўным палігоне “Камунарка” роўна праз тры месяцы пасля арышту. Месца яго пахавання дакладна невядомае.

Пра апошняе можна хіба што пашкаджаваць: некаторым персанажам з найшоўшай беларускай гісторыі, аматарам хадзіць на вайсковыя парады ў чэкісцкай форме, варта было б наведаць магілу таварыша Леплеўскага, каб прыгадаць лёс аднаго са стваральнікаў спецслужб БССР…

* * *

Наступным разам мы перанясемся ў куды больш блізкую эпоху. Я раскажу, як у КГБ СССР паставіліся да гарбачоўскай “перабудовы”, а таксама пра шматлікія пасткі, якія гэбэшнікі расстаўлялі для тых наіўных людзей, якія паверылі ў “дэмакратызацыю” і “галоснасць”.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 9, вопіс 1, адзінка захавання 81