Справа 1941 г. За два месяцы да 22 чэрвеня. Вермахт вачыма НКВД



Пачатак саракавых гадоў праходзіў пад знакам небывалай любові Савецкага Саюза і Трэцяга Рэйха. У маскоўскіх газетах рэгулярна друкаваліся артыкулы пра “братоў па зброі, якія ваююць з брытанскімі імперыялістамі”. Савецкая нафта, савецкае збожжа, савецкі нікель, савецкі алюміній і іншая стратэгічная савецкая сыравіна спраўна пастаўляліся нацыстам. СССР наведвалі дэлегацыі нямецкіх дыпламатаў, адміністратараў і вайскоўцаў, прытым прадстаўнікі Вермахта сталі ганаровымі гасцямі падчас парада 1 траўня 1941 г. на Чырвонай Плошчы.

У Маскве былі ўпэўненыя, што Гітлер, які знаходзіўся ў стане вайны з Вялікабрытаніяй, не збіраецца нападаць на СССР…

* * *

Калі дыктатар у нечым упэўнены – не варта пераконваць яго, што ён не мае рацыі. Нават у тым разе, калі рацыі ён відавочна не мае.

Таварыш Сталін свята верыў, што геносэ Гітлер не збіраецца парушаць “Дамову аб ненападзе” – прынамсі, у бліжэйшы час. І хаця Іншаземны аддзел НКВД меў іншыя звесткі, ужо на ўзроўні сярэдняга чэкісцкага кіраўніцтва выведвальныя справаздачы фільтраваліся менавіта так, каб яны супадалі з меркаваннямі начальства…

 

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

 

НАРОДНОМУ КОМИССАРУ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

СОЮЗА ССР

тов. Меркулову

 

Спецсообщение

Об отрицательных настроениях и антиморальных явлениях в частях германской армии

 

Затянувшаяся война между Германией и Англией ведет к ухудшению внутреннего экономического положения Германии и разрушает ее хозяйство.

Частые бомбардировки английской авиацией ряда промышленных центров Германии приводят к материальным разрушениям и большим человеческим жертвам среди гражданского населения. Среди жертв бомбардировок имеются члены солдат и офицеров немецкой армии.

Это обстоятельство и, главным образом, недовольство продолжением второй империалистической войны подрывает в значительной степени моральную устойчивость состава германской армии.

Пораженческие настроения среди немецких на почве затянувшейся войны и материальной необеспеченности выражаются в различных формах: открытые высказывания против войны, рост дезертирства и самоубийств.

За последнее время отмечены также активные групповые выступления немецких солдат, отказывающихся выезжать на фронт

(…)

 

Гэтая справаздача датаваная 1 красавіка 1941 года і відавочна тычыцца папярэдніх шасці месяцаў.

Польшча была падзеленая між Трэцім Рэйхам і СССР яшчэ паўтары гады таму. Францыя капітулявала 22 чэрвеня 1940 года. Ніякіх “франтоў” у Еўропе ўжо не было. Паветраная “бітва за Брытанію” скончылася паразкай Лютвафэ. Адзіным вартым увагі эпізодам можна лічыць адпраўку нямецкага корпуса ў Афрыку 31 сакавіка, на дапамогу італьянцам, але ў справаздачу, падпісаную 1 красавіка, інфармацыя пра “афрыканскі корпус” патрапіць не магла.

Але ж кіраўніцтву савецкай выведкі трэба было прыводзіць факты “дэзерцірства”, “адмовы ехаць на фронт” (якога ўжо не існавала) і нават “самагубстваў”.

Гэтыя факты, натуральны, былі прыведзеныя, але не апошнія, а чатырохмесячнай даўніны.

 

ИЗ СПЕЦСООБЩЕНИЯ НКВД

 

(…)

Приводим отдельные характерные факты:

В декабре 1940 года два немецких солдата (фамилии не установлены) в беседе с местными жителями выражали недовольство затянувшейся войной и тяжелыми условиями жизни, заявляя: «Надоела уже эта война»

(…)

Солдат 551 строительного батальона, дислоцированного в с. Ружанец-Карл (фамилия не установлена) среди местного населения говорил: «Если Гитлер пойдет войной против СССР, то мы с товарищами воевать не будем, а бросим оружие и разойдемся по домам»

(…)

В г. Замостье полковник одной из немецких частей (фамилия не установлена), получив письмо из дому с извещением о гибели его жены и дочери  во время бомбардировки гор. Берлина, в течении нескольких дней не выходил на службу, категорически отказываясь выполнять свои обязанности

(…)

 

Усе пералічаныя эпізоды – і пра двух невядомых салдатаў, і пра палкоўніка, які пасля смерці сям’і быў у натуральнай дэпрэсіі, – вельмі нагадваюць плёткі з крыніцай “Адна бабка сказала”. Прозвішчы тых немцаў не выяўленыя, абставіны не вызначаныя, кантэкст невядомы.

Але ж, паводле кіраўніцтва савецкай выведкі, у вайсках Вермахта пашыралася камуністычная прапаганда, якая нібыта карысталася ў нацыстаў поспехам:

 

ИЗ СПЕЦСООБЩЕНИЯ НКВД

 

(…)

Выявлены факты, когда среди солдат некоторых воинских соединений германской армии распространялась коммунистическая и другая революционная литература.

Немецкие карательные органы жестко расправляются с участниками антивоенных выступлений в армии и с военнослужащими, распространяющими политическую литературу

(…)

 

Далей кіраўнікі савецкай выведкі прыводзяць проста фантастычныя дадзеныя, якія тычацца маштабаў дэзертырства ў Вермахце.

 

ИЗ СПЕЦСООБЩЕНИЯ НКВД

 

(…)

По заявлению дезертира германской армии, унтер-офицера 18 полка Мост Людвига, нелегально перешедшего в СССР, в концлагерях Германии содержится до 400 тысяч немецких солдат, дезертировавших из армии или открыто заявивших о своем отказе участвовать в войне.

Освенцимский лагерь освобожден от поляков и заполняется арестованными немецкими солдатами

(…)

 

Станам на пачатак 1941 года агульны колькасны склад Вермахта быў крыху большы за 4 міліёнаў чалавек. Атрымліваецца, што ў концлагерях сядзеў кожны дзясяты, што выглядае абсалютнай бздурай. 

У справаздачы, падпісанай ст. маёрам НКВД таварышам Мешыкам, наўмысна не пішацца пра зверствы “братоў па зброі” у Польшчы, Чэхіі, на Балканах і іншых акупаваных тэрыторыях. Пра вынішчэнне яўрэяў, цыганаў і іншых “непаўнавартасных” няма ані слова. Затое ладны кавалак тэкста прысвечана “прапагандзе камуністычных ідэй у нямецкай арміі”, якія нібыта “сустрэтыя прыхільна”.

Агульная танальнасць справаздачы такая: Вермахт маральна разбэшчаны, супраць СССР нямецкія рабочыя і сяляне ваяваць не хочуць, з войска масава ўцякаюць, а Нямеччына ўвогуле стомленая вайною ў Еўропе. Менавіта такія справаздачы ад выведкі і хацеў бачыць таварыш Сталін.

Да чаго прывяла вера ў “ненапад Трэцяга Рэйха на СССР”, ведаюць усе.

* * *

У наступнай перадачы мы прыгадаем часы “позняй перабудовы”, а таксама дазнаемся, як чэкісты характэрызавалі беларускі самвыдат.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 471