Справы 1946 г. Акно ў Еўропу, альбо Уцёкі з СССР



Савецкі Саюз, як вядома, быў самай перадавой у свеце дзяржавай, грамадзяне якой жылі заможна і шчасліва – на зайздрасць усяму астатняму свету. Але ва ўсе часы знаходзіліся несвядомыя, якія імкнуліся ўцячы ад таго шчаслівага жыцця куды падалей. Лічылася, аднак, што ўцячы амаль немажліва: СССР па перыметры агароджвалі кантрольна-следавыя поласы з калючымі дротамі, паласатымі шлагбаўмамі і памежнікамі са злымі сабакамі. Датаго ж, усіх патэнцыйных уцекачоў пільна адсочвала Дзяржбяспека.

Але нават за часамі сталінскага СССР былі таемныя каналы, па якіх сотні савецкіх грамадзянаў уцякалі за мяжу.

 

* * *

Пасля Другой сусветнай вайны яўрэяў у той жа Беларусі, а таксама ў Польшчы і ва Украіне засталося вобмаль: абсалютная большасць загінула ў Халакосце. Адзінкі выжылі, нехта павярнуўся з эвакуацыі, і тут высвятлілася, што пасляваеннае жыццё выглядае не такім радасным, як таго хацелася.

Тым, хто павярнуўся з эвакуацыі, часта і густа адмаўлялі ў прапісцы і працаўладкаванні. Жорстка абмяжоўвалася рэлігія. У СССР набірала абароты кампанія дзяржаўнага антысемітызму, якая па хуткім часе выбухнула справай “бязродных касмапалітаў”. Датаго ж, у яўрэйскім асяродку хадзілі ўпартыя чуткі пра стварэнне ў Палестыне новай дзяржавы – Ізраіля, і чуткі гэтыя былі небеспадстаўнымі.  

Неўзабаве ў памежных з Польшчай раёнах СССР з’явіліся людзі, якія называлі сябе “сіяністамі” і якія абяцалі пераправіць усіх ахвочых на Бліжні Усход.

Тэрмін “сіянізм” не з’яўляецца сінонімам “яўрэйскага фашызму”, як гэта тлумачыла савецкая прапаганда; сіяністы ставілі за мэту стварэнне яўрэйскай дзяржавы у Палестыне. Калі адкінуць ідэалагічнае лушпінне, то ў рафінаваным выглядзе “сіяніст” – гэта яўрэйскі дзяржаўнік-незалежнік.

Найбольшы калідор па пераправе сіяністамі яўрэяў з СССР дзейнічаў непадалёк Львова. Пасля вайны туды прыбывалі яўрэі з усяё еўрапейскай часткі Савецкага Саюза, у тым ліку – з Гародні, Наваградка, Пружанаў, Берасця і Вільні.

Ідэалагічны складнік “пераправы яўрэяў з СССР” быў у сіяністаў  такім: маўляў, Заходняя Беларусь, Заходняя Україна, а таксама Літва, Латвія і Эстонія – акупаваная Саветамі тэрыторыя, і таму яўрэі маюць права змяніць месца жыхарства на Палестыну. За 1945-46 год сіянісцкія эмісары здолелі вывесці з СССР колькі буйных і не надта групаў, пераважна —  яўрэяў з Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

Аднак таемны канал дзейнічаў нядоўга – па хуткім часе яго выкрыла Дзяржбяспека. МГБ і высвятліла, у які спосаб сотні людзей перапраўляліся за мяжу.

 

ИЗ СПРАВКИ  

по вскрытой сионистской «переправе» (…)

(…)

Как установлено следствием, с момента подписания Люблинского соглашения между СССР и Польшей (…) сионистские организации стали широко использовать переселение указанных граждан для заброски в Советский Союз закордонных эмиссаров и переправки евреев в Палестину.

В этих целях перебрасываемым выдавались подложные документы, в частности удостоверения Войска Польского, «Союза польских патриотов» и частей Советской армии, документы о демобилизации и командировках военнослужащих (…)

Іншымі словамі, сіяністы выпраўлялі адпаведныя дакументы за банальныя хабары ў савецкіх і польскіх скарумпаваных чыноўнікаў і вайскоўцаў.

Што пацьвярджаецца процьмай іншых чекісцкіх дакументаў.

 

ИЗ СПЕЦИАЛЬНОГО СООБЩЕНИЯ

о деятельности сионистских партий и организаций в Польше

(…)

Так, известно, что в г. Бытом, военнослужащий польской армии Гельман (…) занимается фабрикацией фальшивых документов для проезда в СССР и обратно, продавая каждый такой документ сионистам по 50-100 тысяч польских злотых (…)

 

Пры ўмове якасна сфальшаванага пашпарта і ўдалага пераходу мяжы, гарадзенскі ці віленскі яўрэй трапляў на тэрыторыю Польшчы, адкуль перапраўляўся ва Угоршчыну. Але, каб патрапіць у Палестыну, трэба было перайсці яшчэ колькі межаў. Гэтае пытанне вырашала арганізацыя “Брыха”, што ў перакладзе азначае “уцёкі”:

 

ИЗ СПЕЦИАЛЬНОГО  СООБЩЕНИЯ

о еврейской организации «Бриха»

(…)

Евреи, прибывающие в Венгрию по каналам «Бриха», снабжаются фиктивными документами (…)

Одним из нелегальных каналов связи «Брихи» является перевалочный пункт на венгерско-румынской границе. В г. Деберцен явочным пунктом нелегально прибывающих в Венгрию сионистов является еврейская синагога (…)

Организация «Бриха» в Польше в основном является подбором, изучением и подготовкой сионистских кадров для переброски их по легальным и нелегальным каналам в Палестину (…)

Евреи (…) в том числе и те, кто нелегально прибыл из СССР по каналам «Брихи», направляются на остров Кипр (…) На о. Кипр преимущественно направляется еврейская молодежь, уже прошедшая воспитательные сборы в еврейских сионистских организациях (…)

 

Такім чынам, пры найлепшым раскладзе шлях з савецкай Гародні да Палестыны складаў ад двух да трох месяцаў.

Сярод арганізатараў “пераправы” былі і яўрэі з Беларусі і беларускіх ваколіц. Хайка Гросман, удзельніца паўстання ў Беластоцкім гета, шчасліва пазбегнула арышта – на момант разгрому “пераправы” яна была ў Польшчы. А вось віленскаму яўрэю Абраму Асту, які ў дакументах МГБ праходзіць як “кіраўнік львоўскага сіянісцкага падполля”, пашэнціла менш: яго арыштавалі ў 1946 годзе разам з яшчэ адзінаццацю “эмісарамі”.

У дакументах Дзяржбяспекі няма інфармацыі пра далейшы лёс арыштаваных. Мажліва, следства зацягнулася да траўня 1947 года – то бок да моманту адмены смяротнага пакарання ў СССР; а такім разе “эмісары” атрымлівалі стандартны тэрмін у 10 ці 25 гадоў лагероў.

Але ж у 1950 годзе смяротнае пакаранне аднавілі. “Расстрэл”, нават завочны, ляпілі ўсім уцекачам з СССР без разбору:   

Из «Обзора судимости и судебной практики по делам о государственных преступлениях, рассмотренных Военным Трибуналом (…)»

Старшина 1031 гаубичного артиллерийского полка Зицер, он же Бернштейн, состоял на военной службе в Советской Армии на территории Польши, 22 сентября 1945 года дезертировал из части, после чего изменил Родине и бежал на жительство в Израиль. Трибуналом Округа 21 февраля 1952 года Зицер заочно осужден по ст. 58-1 «б» УК РСФСР к расстрелу (…)

 

Усяго за час існавання нелегальнай “пераправы” з СССР уцякло, па розных ацэнках, ад некалькіх соцень да колькіх тысячаў чалавек. Але ўжо ў 1946 годзе ўсе шчылыні на мяжы зліквідавалі, і ўцячы з самай шчаслівай краіны можна было хіба што праз невяртанне з якой замежнай камандоўкі.

* * *

З наступнай перадачы вы дазнаецеся, як рэагавалі ў Міністэрстве Дзяржаўнай Бяспекі на выкрыцце чарговых ворагаў народа сярод вышэйшага чэкісцкага кіраўніцтва.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 3, вопіс 1, адзінкі захавання 1202 і 1235

На здымку – Хайка Гросман, удзельніца паўстання ў Беластоцкім гета, актывістка па перапраўцы польскіх, беларускіх і ўкраінскіх ярэяў з СССР.