Справы 1969 г. Чаму ў КГБ так любілі фашызм і фашыстаў, альбо Як фальшавалі справу “харкаўскіх Курапатаў”



У савецкай прапагандзе слова “фашыст” стала ўніверсальным абвінавачваннем яшчэ з канца трыццатых гадоў. У “фашысты” запісвалі “шкоднікаў сацыялістычнай вытворчасці”, “сабатажнікаў”, “трацкістаў”, “белапольскіх шпегаў” і нават “гультаёў”. Адразу пасля вайны “фашыстамі” сталі называць вайсковапалонных, а таксама людзей, якія засталіся на акупаваных нацыстамі тэрыторыях.

Пачынаючы з пяцідзесятых гадоў на “фашыстаў” ужо сістэмна валілі і ўсе злачынствы савецкай улады – як часоў Другой сусветнай вайны, так і ранейшыя. Савецкая авіяцыя варварскі бамбіла акупаваны Мінск? Не, “гэта былі фашысты”. Вёску Дражна знішчылі савецкія партызаны? Ані ў якім разе – “такім займаліся адно фашысты”. Зняволеных у берасцейскай турме ў 1941 годзе расстралялі чэкісты? Вядома ж, не, бо “расстрэльвалі выключна фашысты”. А хто не верыць у словы пра “фашыстаў” – той, безумоўна, і сам фашыст, гітлеравец і ягоны дзед напэўна быў паліцаем.

Савецкая ўлада вельмі любіла фашыстаў, бо на іх можна было навесіць якія заўгодна злачынствы – у тым ліку і масавыя растрэлы канца трыццатых гадоў.

* * *

 

Пра “харкаўскія расстрэлы” палонных Войска Польскага (дзе, між іншым, расстралялі і багата этнічных беларусаў), а таксама ліквідацыю “ворагаў народа” ведаюць усе, хто цікавіцца гісторыяй Вялікага Тэрору.

А вось пра гісторыю адкрыцця месцаў масавых пахаванняў вядома значна менш…

 

СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

ПАПКА «ДОКУМЕНТЫ ОСОБОЙ ВАЖНОСТИ»

ПРЕДСЕДАТЕЛЮ КОМИТЕТА ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ ПРИ СОВЕТЕ МИНИСТРОВ УССР ГЕНЕРАЛ-ПОЛКОВНИКУ НИКИТЧЕНКО В. Ф.

5 июня 1969 г.

 

2 июня 1969 г. от доверенного «Зеленского» был получен сигнал о том, что в лесу около пос. Пятихатки (северная окраина Харькова) неизвестными лицами вскрыта могила массового захоронения людей.

(…)

Принятыми мерами было установлено, что Степин Дима, Пешков Сергей, Круглых Виктор – ученики 5-6 классов, проживающие в поселке Пятихатки, которые участвовали в раскопе могилы и обнаружили там:

обручальное кольцо с инициалами «А. К.» и датой 29. YI. 24 года;

золотые коронки зубов;

пуговицы с изображением польского герба;

(…)

Пенсионер КГБ Галицын Н. А,, работавший с довоенных лет шофером в органах госбезопасности и участвовавший в исполнении приговоров по ВМН, после осмотра места обнаружения могил пояснил, что в апреле-мае 1940 г. при его участии исполнено решение о расстреле примерно 13 000 офицеров и генералов буржуазной Польши, которые и захоронены в ямах, в лесу около п. Пятихатки. Галицын также пояснил, что среди поляков могла быть значительная часть расстрелянных советских граждан, относительно которых состоялись приговоры в 1940 г.

(…)

Нарушенная могила нами восстановлена и образовавшиеся провалы будут засыпаны.

По мере выявления «слухов» о характере могил нами будут приниматься меры дезинформации.

 

Начальник Управления Комитета Госбезопасности по Харьковской обл.

Генерал-майор                                                                           П. Фещенко

 

13 тысяч расстраляных толькі польскіх вайсковапалонных (і гэта без уліку савецкіх грамадзянаў) – безумоўнае злачынства супраць чалавечнасці, супаставімае  з масавымі забойствамі ў Трэблінцы, Трасцянцы ці знічтажэннем Варшаўскага гета. Вызнаваць уласнае злачынства не хацелася – тым больш, пра пахаванні маглі дазнацца заакіянскія атрутнікі эфіру з якой “Нямецкай хвалі” ці “Бі-Бі-Сі”, якія акурат і спецыялізаваліся на фальсіфікацыях савецкай гісторыі і плявузганне на слаўнае мінулае.

І ўжо праз два дні старшыня КГБ УССР напісаў ліст на Лубянку, з канкрэтнымі прапановамі “дэзінфармацыі”

 

ИЗ ПИСЬМА ПРЕДСЕДАТЕЛЯ КГБ УССР НИКИТЧЕНКО В. Ф, ПРЕДСЕДАТЕЛЮ КГБ СССР АНДРОПОВУ Ю. В.

 

(…)

Считаем целесообразным разъяснить населению в окружении, что в период оккупации немцами Харькова карательные органы Германии в указанном месте производили захоронения без почестей расстрелянных за дезертирство и другие преступления солдат и офицеров немецкой и союзных с ними армий. Одновременно в этом же месте захоронены немцами умирающие от различных опасных инфекционных заболеваний (тиф, холера, сифилитики), а поэтому указанное захоронение должно быть признано органами здравоохранения опасным для населения.

 

Таварышу Андропаву прапанова спадабалася. Неўзабаве таварышы чэкісты распрацавалі і падрабязны план ліквідацыі слядоў уласных злачынстваў.

 

ПЛАН МЕРОПРИЯТИЙ ПО ЛИКВИДАЦИИ СПЕЦОБЪЕКТА

 

Ликвидацию объекта осуществить под видом производства проектно-изыскательных работ на предмет возможного строительства на этом месте закрытого объекта КГБ.

В этих целях произвести следующие мероприятия:

  1. Специально выделенными сотрудниками УКГБ по Харьковской области на основании принятой легенды обеспечить надежную конспирацию проведения всех подготовительных и основных работ по ликвидации объекта.
  2. Выйти с ходатайствоа на союзное правительство и КГБ при Совете Министров СССР об отводе земельного участка под строительство учебного заведения Комитета Госбезопасности.
  3. С момента начала проведения подготовительных работ на объекте и до полной его ликвидации (не менее 3-х лет) организовать круглосуточную охрану объекта силами надзирательского состава УКГБ.

(…)

  1. Приобрести и доставить на объект 13 тонн чешуйчатого технического едкого натрия в упаковке по 50 килограмм.

(…)

 

Ядучы натрый, пра які вядзецца гаворка, прызначаўся чэкістамі для ліквідацыі парэшткаў расстраляных ворагаў народа – акурат з разліку адна тона на адну тысячу чалавек.

Далей у “плане мерапрыемстваў” зноў згадваецца легендаванне – маўляў, гэта ўсё справа рук “фашыстаў”, гэтай версіі і варта прытрымлівацца і надалей.

Паралель “расстрэльнага палігона ў Пяціхатках” з Курапатамі безумоўная і неаспрэчная. Ад 1988 года і па сённяшні дзень пра тыя Курапаты і з Масквы, і з прамаскоўскіх інфармацыйных крыніцаў у Менску ідзе шчыльная і добра зарганізаваная дэзінфармацыя:  “расстрэльвалі фашысты”, “паклёп на савецкае мінулае”, “фальшыўка нацыяналістаў”, “перакладаецца віна з нацысцкіх карнікаў на слаўныя органы”. Пры гэтым аніводнага матэрыялу з архіваў савецкіх карных органаў не прыводзіцца.

Цытаванне ідэйных стукачоў, маразматыкаў-адстаўнікоў з КГБ БССР і тонкашыіх камсамольскіх фюрэраў не ўваходзіць у задачы нашай перадачы; кожны ахвочы можа адшукаць іх тэксты ў Сеціве.

Але ў архівах КГБ РБ, безумоўна, захаваліся акты пра “выкананне вышэйшай меры пакарання” – такія ж самыя, як у Цэнтральным Галіновым Архіве СБУ (са сканамі некаторых можна азнаёміцца на нашым сайце). З датамі расстрэлаў, прозвішчамі выканаўцаў і расстраляных, а таксама месцамі пахаванняў. Калі тыя акты не былі знойдзеныя яшчэ ў 1989 годзе – значыцца, іх проста не хацелі шукаць…

І гэтыя акты рана ці позна будуць апрылюдненыя, як безумоўны доказ злачынстваў савецкай улады ў тых жа Курапатах.

* * *

 

У наступнай перадачы я раскажу пра тое, як катавалі ў НКВД.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 13, тэчка “Справы асаблівай важнасці”, адзінка захавання 2

На здымку: “пасмяротныя”жэтоны палонных Войска Польскага, знойдзеныя на месцы масавых расстрэлаў