Аляксандр Шымкавяк і “Зялёная хваля Еўрабаскета”
Падвядзем вынікі чэмпіянату Еўропы для беларускай зборнай, асабліва засяродзіўшы ўвагу на двух апошніх паядынках – з будучым сенсацыйным чэмпіёнам Сербіяй і ў гульні за бронзу з іспанкамі.
Аляксандр Шымкавяк, трэнер гарадзенскай жаночай каманды “Алімпія” – шматразовага чэмпіёна Беларусі па баскетболе:
– Для нас гэта вельмі вялікае дасягненне. Беларуская зборная паказала, што знаходзіцца ў эліце лепшых камандаў, у стане змагацца на роўных з усімі. Мы прайгралі будучаму чэмпіёну Сербіі толькі 2 ачкі. Канешне, хацелася і больш, чым чацвёртае месца, але трэба сказаць «вялікі дзякуй» і трэнерам, і дзяўчатам за іх мужнасць і цярпенне, яны змагаліся ва ўсіх гульнях, хаця на матч з Іспаніяй сіл ужо не засталося. Так, спачатку нам удавалася весці ў ліку, але адчувалася, што гэта ненадоўга. Калі б іспанкі яшчэ і бронзу ўпусцілі, то ім бы і дадому нельга было б вяртацца. Таму хочацца толькі павіншаваць нашу зборную з чарговым вялікім поспехам. З такой гульнёй у нас не павінна быць вялікіх праблем з трапленнем на Алімпіяду ў Бразіліі.
РР: Хто роўна згуляў на турніры, хто праявіў сябе толькі эпізадычна, хто стаў адкрыццём, а хто – расчараваннем у шэрагах беларускай каманды?
– Канешне, стрыжань нашай зборнай – Лена Леўчанка. Гэта вельмі мужны чалавек, які ва ўсіх экстрэмальных сітуацыях змагаецца да канца. Як у кожнага чалавека, не ўсё атрымліваецца – стабільна высокі ўзровень падчас усяго чэмпіянату трымаць немагчыма. Але ў цэлым Леўчанка – гэта тая, з каго пачынаецца наша зборная.
Што тычыцца Верамеенкі…Гавораць, што Наста яшчэ не дасягнула сваёй лепшай формы пасля нараджэння дзіцяці, і, напэўна, слушна. Але яна рабіла ўсё, што можа на сённяшні дзень, і далей можа толькі дадаваць.
Каця Сныціна – гэта наш “джокер”. Яна вельмі часта бярэ гульню на сябе, бывае апраўдана, бывае – не, але такія гульцы абавязкова павінны прысутнічаць у камандзе. Сныціна паказала добры самааданы баскетбол.
У Таццяны Ліхатаровіч (выхаванка Аляксандра Шымкавяка – аўт.) пасля гэтага чэмпіянату Еўропы, думаю, застанецца лёгкае пачуццё саманезадавальнення. У яе вельмі высокі патэнцыял, яна рыцар і баец. На жаль, траўма не дала ёй згуляць з Іспаніяй, інакш суперніку было б абыграць Беларусь значна цяжэй. Усё, што можа Ліхтаровіч, яна не паказала, магла згуляць лепш, але заўсёды пакідае на пляцоўцы ўсе сілы.
Троіна, Трафімава – вопытныя гульцы, валодаюць лідарскімі якасцямі, добра ўплываюць на настрой у камандзе, іх нездарма ўзяў з сабой Анатоль Буяльскі замест больш маладых баскетбалістак. Яны згулялі турнір роўна і надзейна. Зюзькова (таксама прадстаўнік гарадзенскай школы баскетбола – аўт.) апошнія сезоны вельмі ўпэўнена праводзіла ў “Цмоках”, была ў іх складзе самай моцнай абаронцай і невыпадкова трапіла ў склад зборнай. Шкада, што яе не разгледзелі раней, а толькі ў 32 гады. Яе заўсёды адрознівала надзейнасць, і гэта яна паказала на Еўрабаскеце, ёй толькі трэба больш давяраць. Пакуль жа ў трэнерскага штаба большым крэдытам даверу карыстаецца наша “амерыканка”.
РР: Дарэчы, ацаніце дэбют Ліндсэй Хардзінг у складзе беларускай зборнай.
– Была, канешне, доля рызыкі, і Буяльскі на гэта пайшоў, бо Хардзінг – гулец вельмі высокага ўзроўню. Разам з ёй нашу зборную вельмі цяжка было спыніць прэсінгам. Думаю, што ў нас было б больш праблем нават з пераходам цэнтра поля, калі б “амерыканкі” не было. Вельмі высокая тэхніка Хардзінг вымушала суперніка карыстацца адразу двума гульцамі, каб адабраць у яе мяч. Праўда, за выключэннем матчу з Сербіяй, беларускі пад вельмі жорсткі прэсінг і не траплялі. Гульня Хардзінг у нападзе, думаю, задавальняе трэнерскі штаб, а вось у абароне – істотны мінус. Але ў яе не было часу, каб сыграцца з камандай, але і так яна ўзмацніла зборную. Ці зможа яна ўзмацніць каманду яшчэ больш – гэта ўжо пытанне.
РР: Як ацэньваеце трэнерскую працу Буяльскага: ці ён зрабіў усё, што мог?
– Бязгрэшных людзей не бывае, ёсць памылкі. У некаторых момантах быў патрэбны тайм-аўт, трэба было больш жорстка патрабаваць ад каманды. Буяльскі вядзе гульні вельмі спакойна і годна, але ў жаночым калектыве часам патрэбны “выбух” – гэта, канешне, маё індывідуальнае меркаванне. У Анатоля Сяргеевіча, на мой погляд, канешне, больш дэмакратыі, чым аўтакратыі. Але ў цэлым Буяльскі – трэнер менавіта гэтай каманды, ён добрае ведае дзяўчат. І ўменне настройваць на перамогу ў яго ёсць.
РР: Чаго не хапае сёння беларускай зборнай, каб пазмагацца за медалі? Больш моцных зменшчыкаў, іншага трэнера, вопыту?..
– Якраз вопыту Буяльскаму не займаць. Можа быць, трэнерскі штаб абнавіць, бо там трэнеры без права голасу. Падчас тайм-аўтаў заўважыў, што працуе з камандай толькі Буяльскі, а часам патрэбнае калегіальнае рашэнне, да якога прыслухаўся б і ён. Адна галава добра, а некалькі – яшчэ лепш…
Дарэчы, у нас была самая малая дэлегацыя на турніры. У іспанак, сербак па 5 трэнераў, не ўлічваючы масажыстаў, тэрапеўтаў ды іншых… А так кідаецца ў вочы слабая гульня ў абароне, якую многія лічылі нашым козырам. Прасцейшы праход пад кальцо – ён проста не трымаецца. Не ведаю, чаму беларускі так лёгка прапускалі супернікаў у трохсекундную зону. Там патрэбна страхоўка, а нагружаць яшчэ больш Леўчанку і Верамеенку, у якіх і так хапае працы, я бы не стаў. Таму трэба яшчэ папрацаваць над індывідуальнай абаронай, бо абарона – гэта сумленне гульца. У нападзе ж снайпераў хапае, нават у цэнтравой Верамеенкі добры кідок здалёк. Калі не паставіць руку Троінай – гэта таксама звычайна тры ачкі.
“Дугу” магла б яшчэ ўзмацніць Ануфрыенка. Атака патрабуе толькі сістэматызацыі тых варыянтаў, якія ёсць у зборнай. Калі ўдасца ўзмацніць абарону – будзем уяўляць яшчэ больш грозную сілу.
РР: Чым запомніцца для вас гэты чэмпіянат Еўропы, якія гульні з удзелам ці без беларускіх баскетбалістак?
– Гэты Еўрабаскет на мой досвед самы парадаксальны. Вельмі моцна хваляваўся за каманду, перад турнірам доўга размаўляў з той жа Ліхтаровіч. Настрой адчуваўся баявы. І калі прыехалі дамагліся першых перамог, асабліва ў матчы з Італіяй, якую выцягнулі ў авертайме, нам пашанцавала. І тут тры паразы запар – рукі ў каго хочаш апусцяцца. Падумаў, дзяўчаты завагаліся, нешта зламалася. Я б гэты чэмпіянат назваў “Зялёная хваля”. Менавіта ў яе трапілі нашы баскетбалісткі, якія нават пры трох паразах выйшлі на самага слабога суперніка з мажлівых – зборную Літву. Гэта было немагчыма пралічыць. Здавалася, што трэба было выйграць, а не прайграць тры гульні. Сербія палічыла, што ім не трэба перамагаць Літву, і сербкі такім чынам сышлі ад гульняў з Францыяй, Іспаніяй і Расеяй.
Ну, а з Літвой таксама была няпростая гульня – выйгралі толькі з розніцай у два ачкі. Матч з Сербіяй стаіць асабняком – шанцы былі роўныя, але затрымаць сясцёр Даўбавіч у беларускай зборнай не атрымалася. Калі б згулялі ў абароне больш уважліва, то гэтыя два ачкі, думаю, недзе б знайшліся. Але ў цэлым вынік турніру заканамерны, і за гэтае чавёртае месца трэба толькі падзякаваць усёй нашай зборнай.
Гутарыў Яўген Івін, Беларускае Радыё Рацыя
Array