На Святой гары Грабарцы рыхтуюцца да свята
Моладзь дапамагае на “Гары крыжоў”. На Святой гары Грабарцы, што на Падляшшы, пачалася падрыхтоўка да святкаванняў Праабражэння Гасподняга. Як кожны год, у жаночы манастыр святых Марфы і Марыі прыязджае моладзь на адмысловы працоўны лагер. Як кажа Міхал Сурмач, ён хацеў, прынамсі раз, трапіць у лагер у гэтым святым месцы:
– Падумаў, што ніколі не быў. І падумаў, што трэба хоць раз у жыцці прыехаць. Нехто сказаў, што няма работы без малітвы і няма малітвы без работы. Таму я думаю, што гэта такая добрая малітва. Мы з калегам тут упарадкавалі крыжы, памылі вокны ў будынку брацтва, дываны выбілі.
Цяпер у лагеры каля 30-ці ўдзельнікаў. Акрамя парадкавання гары і манастырскіх будынкаў, яны будуць адказваць за парадак у час свята, якое прыпадае на 19-ае жніўня. Сёлета на Святую Гару Грабарку прыбудуць: рэліквія Крыжа Гасподняга і мошчы святой Марыі Магдаліны. Пра сваю прысутнасць заявіў прэзідэнт Польшчы – Браніслаў Камароўскі.
[Not a valid template]
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.



