„Мы з табой адной крыві”: супольная акцыя заўзятараў
Напярэдадні футбольнага матча паміж нацыянальнымі зборнымі Украіны і Беларусі ў Львове мае прайсці акцыя заўзятараў абедзьвюх каманд па здачы крыві для ўкраінскіх вайскоўцаў, параненых у зоне Антытэрарыстычнай аперацыі. Донарская кроў пойдзе на патрэбы Львоўскага вайсковага шпіталю.
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война звязаўся з львоўскім футбольным заўзятарам Тарасам, які распавёў наступнае:
– Заўтра, а 9-30, у цэнтры здачы крыві, стануць донарамі каля 50 чалавек – і беларусаў, і ўкраінцаў. Людзей можа быць і больш, пакуль дакладнай інфармацыі няма. Кроў будзе нашым вайскоўцам, пацярпелым ва ўкраіна-расейскім канфлікце.
Львавянін Тарас кажа, што новая ўкраінская паліцыя вельмі прыхільна ставіцца да гасцей-беларусаў:
– Вельмі вялікая розніца паміж беларускай і ўкраінскай міліцыяй. Наша новая еўрапейская паліцыя рэальна адэкватна ставіцца да людзей. Людзі гуляюць у цэнтры, спяваюць. Можа некаторыя з іх крыху падпітыя. Але ж ніхто іх не затрымлівае!
На думку абсалютнай большасці львоўскіх аматараў футбола, сяброўскія адносіны з беларусамі захаваюцца незалежна ад таго, хто пераможа ў матчы Україна – Беларусь.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя



