Беларусы едуць працаваць у экзатычныя краіны
Творчая моладзь усё часцей месцам працы выбірае Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Кітай. Працаваць танцорамі, ды-джэямі, спевакамі і музыкамі едуць таксама ў Тайвань, Турцыю, Паўднёвую Карэю, Карыбскія выспы ды іншыя краіны. Сваім працоўным досведам дзеляцца гарадзенскі ды-джэй Аляксандр і танцорка Дар’я, якія працавалі ў Дубаі:
– Танцоры, мабыць, ужо ўсе былі хоць раз у Дубаі. Многія спявачкі таксама павыязджалі з Гародні туды. Некаторыя ўжо другі год запар працуюць. Акрамя асноўнага заробка, можаш атрымаць “шампанскае” – гэта як нашы “чаявыя”. Таму за месяц можна атрымаць даволі вялікія грошы. Там людзі такія, што ты нават не ведаеш іх, не можаш з імі сустракацца, яны да цябе дакранацца не могуць, а прыносяць у клуб табе падарунак.
– У нашых людзей больш творчага вопыту, чым у іншых. І працуем мы добра, а там гэта цэніцца, не тое, што тут.
Як сцвярджаюць маладыя працоўныя эмігранты, мінімальны месячны заробак, які можна прывезці дахаты, працуючы танцорам альбо ды-джэем у клубе, складае тысячу даляраў і болей.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня



