На Лідчыне прайшоў фэст у гонар паўстанцаў 1863 года
У вёсцы Пескі Лідскага раёна адбыўся фестываль беларускай патрыятычнай песні і паэзіі. Традыцыйна ў канцы ліпеня – пачатку жніўня грамадская супольнасць Лідчыны аддае даніну павагі невядомым паўстанцам 1863 года, палеглым у баі паміж вёскамі Мохавічы і Малое Ольжава.
Але ў гэтым годзе была атрымана афіцыйная адмова ў правядзенні акцыі ўшанавання памяці на магіле паўстанцаў. Адмова была абгрунтаваная нібы тым, што жытнёвае поле вакол мемарыяла нязжатае і тым самым ствараецца пажаранебяспечная абстаноўка.
Замест гэтага было вырашана правесці культурніцкую вечарыну на аграсядзібе “Гасціна”. Ідэя правядзення такога мерапрыемства вельмі цікавая і павінна мець працяг, гаворыць госць фестывалю, бард Зміцер Захарэвіч.
– Вельмі прыемна, што адчуваецца сяброўства і паяднанасць ідэяй беларушчыны. Гэта самае галоўнае. Адчуваецца, што людзі шчыруюць дзеля Беларусі. Арганізатары гэтага фэсту менавіта і рабілі так, каб сабраць гэтых людзей. Я ўпэўнены і бачу, што гэта атрымалася.
Па словах арганізатараў фестывалю ў Песках, месца, дзе ў баі палеглі змагары за незалежнасць Беларусі, нягледзячы ні на што, не забытае і надалей будзе шанавацца лідзянамі.
Разам з тым, працягнецца новая традыцыя правядзення беларускіх фестываляў на новым месцы. Наперадзе – вечарына патрыятычнай беларускай песні, што пройдзе на пачатку верасня і будзе прымеркаваная да Дня беларускай вайсковай славы.
[Not a valid template]
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда



