У Луцку пройдзе 10-ы „Бандэрштат”
У горадзе Луцк, што ва Украіне, адбудзецца фестываль украінскага духу „Бандэрштат”. У дзясяты раз, традыцыйна, у першыя выходныя жніўня, Луцк збярэ ўкраінскіх патрыётаў.
На розных пляцоўках будуць: вялікая музычная сцэна, начная сцэна, літаратурны куток, гутаркі са знакамітымі культурніцкімі і палітычнымі дзеячамі, спартовыя спаборніцтвы.
Па словах сябра аргкамітэта фестывалю Богдана Бальбузы, год ад году „Бандэрштат” ідзе шляхам развіцця і ўдасканальвання:
— Кожны фестываль па-свойму адрозніваецца ад папярэдніх абсалютна ва ўсіх момантах: пачынаючы ад музычнай сцэны, дзе мы штогод намагаемся вар’іраваць гурты, разбаўляючы іншымі. Мы ўлічваем нейкія памылкі, разлікі. Летась мы сабралі ўсе гэтыя мінусы і цяпер стараемся, каб іх не было. Усё гэта даволі паспяхова і нават у такіх дробных побытавых момантах мы намагаемся пастаянна ўдасканальвацца.
Традыцыйна „Бандэрштат” наведваюць і дзясяткі беларусаў. Штогод адзін гурт на вялікай сцэне таксама прадстаўляе Беларусь. У гэтым годзе гэта гурт BRUTTO. Таксама плануецца гутарка з лідарам „Маладога Фронту” – Змітром Дашкевічам.
Фестываль пачне сваю працу ў пятніцу 5 жніўня і будзе доўжыцца тры дні.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя



