„Бандэрштат” „акупавалі” беларусы
У дзясяты раз ва ўкраінскім Луцку прайшоў фестываль „Бандэрштат”.
Як і ўсе мінулыя гады фестываль наведалі дзясяткі беларусаў.
Было раздадзена каля сотні нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў, якія луналі падчас выступу беларускага гурта „BRUTTO”.
Кіраўнік аргкамітэта, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Ігар Гузь зазначыў, што госці, музыкі і палітычныя дзеячы з Беларусі, сталі неад’емнай часткай „Бандэрштата”:
– Людзі ацэньваюць, што і арганізацыйна ён расце, беларусаў даволі шмат, і “BRUTTO” у нас ужо другі год запар. Мы намагаемся, каб кожны год быў нейкі гурт з Беларусі, у гэтым плане працуем. У цэлым ёсць патэнцыял праводзіць такія фестывалі ва Украіне, бо моладзь на іх едзе, тым больш, што гэта безалкагольны фестываль.
Традыцыйна на фестываль запрашаюць адзін музычны гурт з Беларусі, а таксама госця. У гэтым годзе такімі былі гурт „BRUTTO” і лідар „Маладога Фронта” – Зміцер Дашкевіч.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя



