«Трафей чорнай свінні» у Воршы
У Воршы правялі міні-футбольны турнір, прысвечаны старому паданню.
Паданне пра Чорную свінню, якая нападае на мінакоў на вадзяным млыне ў Воршы, нечакана стала нагодай стварыць арыгінальны кубак і правесці міні-футбольны турнір.
Майстар Анастасія Рудзь з горада Дуброўна вырабіла ўнікальны трафей з выявай аршанскага млына і Чорнай свінні. Прыехаўшы з Дуброўны на фінал у Воршу, трафей у гэтым горадзе не застаўся, яго на вечнае карыстанне забрала з сабой каманда вёскі Зубава. Вёска са слаўнымі спартовымі традыцыямі. Яшчэ ў 90-я гады малавядомая каманда «Прамень» з Зубава выйграла хакейны турнір сярод юнакоў “Залатая шайба”. Цяпер зубаўцы сталі наймацнейшымі сярод 17 камандаў на міні-футбольным «Трафеі Чорнай свінні». Фінальная сустрэча сабрала каля сотні гледачоў у не самай вялікай залі. Распавядае галоўны суддзя турніру Віктар Ярковіч.
— Эмоцыі вельмі моцныя, у параўнанні з летнім гэты турнір быў мацнейшы: больш каманд удзельнічала. Фінал быў такі, што абедзве каманды былі вартыя таго, каб атрымаць кубак. Тое, што мала месца гэта яшчэ не надта праблематычна, але заўзятары адцягваюць увагу і вельмі складана судзіць.
Арганізатар «Трафея Чорнай свінні», Аршанскае моладзевае грамадскае аб’яднанне «Звяз», улетку 2016 года правяло ўнікальны турнір па дваровым футболе. Калі ў Беларусі да Воршы ніхто раней не заяўляў пра правядзенне турніраў па дваровым футболе, дык у сталіцы Украіны даўно існуе такі рух. Ужо ў бліжэйшыя месяцы адна з каманд Воршы ці Аршанскага раёна можа паехаць у Кіеў на міжнародны матч.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша
Array




