У Гародні з’явяцца інфармацыйныя стэнды
У гістарычным цэнтры Гародні з’явяцца інфармацыйна-турыстычныя стэнды. Яны будуць знаёміць гасцей горада з гістарычнымі аб’ектамі і дэманстраваць іх першасны выгляд.
Пачаткова мае з’явіцца каля паўсотні такіх стэндаў, у тым ліку на вуліцы Замкавай, у Каложскім парку, на плошчы Савецкай ды ў іншых месцах. Гэта адзін з напрамкаў дзейнасці па стварэнні спрыяльных умоў для замежных турыстаў, якія наведваюць Гародню ў межах бязвізавага руху.
Пры гэтым, на думку выкладчыка Гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэта Янкі Трацяка, на прыток турыстаў у значнай ступені ўплывае імідж краіны:
– Нават калі помнікі паставім у Гародні, турыст не пойдзе. Узнікае пытанне: чаму? Шмат ад чаго залежыць, як кажуць, унутраныя і знешнія фактары вельмі моцна ўплываюць. Можа быць тут такі фактар эканамічны яшчэ вельмі моцна ўплывае, палітычны дзесьці. Гэта ўсё збіраецца ў адно, і на выхадзе мы маем тое, што называецца іміджам.
Пяцідзённы бязвізавы ўезд для замежнікаў дзейнічае ў рэгіёне Аўгустоўскага канала з 26 кастрычніка мінулага года. За гэты час Гародню і ваколіцы наведалі некалькі тысяч бязвізавых турыстаў. На думку Янкі Трацяка, Гародні варта задумацца пра так званы “рэкрэацыйны турызм”, хоць для гэтага таксама яшчэ не хапае патрэбнай інфраструктуры.
Беларускае Радыё Рацыя
Array
