Ці адменяць улады Дэкрэт аб «дармаедах»?
Далейшае развіццё падзей мы папрасілі спрагназаваць адну з кіраўніц кампаніі “Гавары праўду” Таццяну Караткевіч.
Як вядома, лідары кампаніі “Гавары праўду” сустрэліся з кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай. Ці разумеюць чыноўнікі, у якую сітуацыю патрапіла ўлада, калі прыняла Дэкрэт “аб дармаедах”? І ці разумеюць яны, наколькі абураныя людзі?
Таццяна Караткевіч: Думаю, да канца не разумеюць, а таму пра гэта трэба пастаянна нагадваць. Грамадзянскі актывізм на персанальным узроўні павінен працягвацца. Трэба адсочваць суды па справах аб “дармаедах”, хаця мы разумеем, што некаторыя рашэнні будзе вельмі складана абскардзіць. Я лічу, што ўлада пойдзе на дадатковыя змены ў дэкрэце, змягчыць яго. Але было б цудоўна, каб яго наогул адмянілі.
РР: Ваш прагноз: ці могуць пайсці на адмену дэкрэта?
Таццяна Караткевіч: Я лічу, што ўсё магчыма. Тут усё будзе залежыць ад людзей. Трэба, каб яны масава ішлі на прыёмы да чыноўнікаў і паказвалі ўсю абсурднасць сітуацыі. Мы ж са свайго боку нагадвалі і будзем нагадваць уладзе пра тое, што гэты дэкрэт абсалютна несправядлівы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя