Жыццё ў крэдыт?



Да навагодне-калядных святаў яшчэ застаецца ладне часу, і елкі ў сталіцы нашай неабсяжнай радзімы запаляць свае агеньчыкі толькі 15 снежня, але ўжо цяпер усе пачынаюць старанна рыхтавацца… Патраціць шмат грошай на святы.

Беларусь і насамрэч не такая ўжо маленькая краіна, бо калі раніцай аднаго і таго ж дня на Смаргоншчыне – сапраўдная зіма з прыгожым снегам, а ў Лідскім раёне – слата восеньская брудна-шэрая, то гэта штосьці ды азначае! Незалежна ад надвор’я свята патрэбнае ўсім – гэта адчуваецца і па аздабленні крамаў, і па блогах, і па тэматыцы многіх сайтаў. Застаецца пытанне, колькі беларусы гатовы за свята заплаціць. З аднаго боку, канец года – час падвесці вынікі і аддаць даўгі года старога. З іншага – антыдэпрэсант, на які патрэбныя грошы. Вось і бярэм мы іх у крэдыт, а потым разлічваемся – ужо ў новым годзе.

Па дадзеных Нацбанка беларусы здалі малавата валюты за лістапад месяц – 64, 9 мільёна долараў. У кастрычніку лічба была большай – 147, 7 мільёна долараў. Аналітыкі разыходзяцца ў меркаваннях – чаму так адбылося (добра жывем або ўсё да рэшты патрацілі?), але жыццёвы досвед падказвае: снежань месяц пакажа, ці скончыліся у суайчыннікаў валютныя запасы, а месяц студзень выявіць, былі гэта рэальныя запасы або святочны настрой і жаданне “шыкануць” на апошнія.

Па некаторых даследваннях за апошнія два гады абсалютная беднасць у Беларусі павялічылася ў два разы. Прыбыткі ў вёсцы ў сярэднім ніжэйшыя за горад.

Сумна, спадарства! Паспрабуем эканоміць?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ