Нерэалізаваныя праекты Міхала Анемпадыстава



Анемпадыставу – 54. Роўна столькі год магло б споўніцца сёння дызайнеру і паэту, аўтару тэкстаў да «Народнага альбома» Міхалу Анемпадыставу. «Дызайнер белроку», «арт-дырэктар Адраджэння», як яго называлі, раптоўна пакінуў гэты свет сёлета, 24 студзеня. Шэраг ягоных праектаў і задумаў застаўся нерэалізаваным. У тым ліку, «Марскі альбом». Пра яго Анемпадыстаў распавёў у інтэрв’ю яшчэ 10 гадоў таму, але тыя словы зараз упершыню прагучаць у радыёэфіры.

Такое бальное пытанне, якое вельмі даўно ўзнікла, ледзь не адразу за „Народным альбомам”. На жаль, не адбылося такога творчага прарыву, не напісалася ўсё само сабой, як было з „Народным альбомам”. Узнікалі паступова песні і шмат іх ужо напісана, яны разышліся па іншых праектах. Але ўжо ёсць згода з боку ўсіх ўдзельнікаў і я думаю, што трэба усё ж як бы «ўзяць за горла» сябе і калегаў ды зрабіць усё гэта.

Міхал Анемпадыстаў паспеў у чарговы раз абмеркаваць «Марскі альбом» са сваімі калегамі Змітром Вайцюшкевічам і Лявонам Вольскім незадоўга да скону, стоячы на беларуска-польскай мяжы. Тыя не выключаюць, што давядуць справу да завяршэння.

Тым часам, на сайце Ulej.by пачаўся збор грошай на перавыданне навуковага даследавання Анемпадыстава «Колер Беларусі».

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Array