Віктар Сасуноўскі заваяваў сярэбраную ўзнагароду ЧЕ
Беларускі барэц грэка-рымскага стылю Віктар Сасуноўскі заваяваў сярэбраную ўзнагароду чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у расейскім Каспійску.
У катэгорыі да 82 кг беларус упэўнена дайшоў да фіналу, перамогшы шведа Аляксандра Ерсгрэна, Роланда Шварца з Германіі і Рафіка Гусейнава з Азербайджана. У вырашальным паядынку атлет уступіў Максіму Манукяну з Арменіі.
Сярэбраны медаль Віктара Сасуноўскага стаў адзіным у беларускай камандзе па класічнай барацьбе. За крок ад п’едэстала гонару спыніліся Максім Кажарскі (60 кг) і Мікіта Клімовіч (87 кг).
Віктар Сасуноўскі з’яўляецца сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету 2015 года і бронзавым прызёрам I Еўрапейскіх гульняў у Баку.
Чэмпіянат Еўропы па барацьбе прадоўжыцца ў Каспійску 3 траўня выступлннем жанчын. У беларускай зборнай Ірына Курачкіна (вагавая катэгорыя 55 кг) выйшла ў фінал і за залатую ўзнагароду пазмагаецца з полькай Раксанай Мартай Засінай.