Зборная Беларусі па хакеі згуляе ў Казахстане на ЧС-2019 у першым дывізіёне
Зборная Беларусі па хакеі згуляе ў Казахстане на чэмпіянаце свету 2019 года ў групе А дывізіёна I. Такое рашэнне прынята 21 траўня на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) у Капенгагене.
У турніры, які адбудзецца ў Астане на „Барыс-Арэне” з 29 красавіка па 5 траўня 2019 года, прымуць удзел зборныя Казахстана, Беларусі, Славеніі, Венгрыі, Рэспублікі Карэя і Літвы. Каманды разыграюць дзве пуцёўкі ў элітны дывізіён.
Беларускія хакеісты былі паніжаны ў класе пасля няўдалага выступлення на чэмпіянаце свету ў Даніі, дзе пацярпелі сем паражэнняў. Апошні раз наша нацыянальная каманда выступала ў дывізіёне I у 2004 годзе.