Беластоцкія студэнты і выкладчыкі супраць «рэформы Говіна» (абноўлена)
«Закон Говіна» пагражае аўтаноміі вышэйшых навучальных устаноў у Польшчы – так лічаць студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта ў Беластоку, якія сёння чарговы раз пратэстуюць.
Справа датычыць закону, які павінен рэфармаваць вышэйшае школьніцтва і які падрыхтаваў міністр вышэйшай асветы Яраслаў Говін.
Як кажа беларускі гісторык і прафесар універсітэта Алег Латышонак, пасля рэформы ў Польшчы застануцца 5 вялікіх навуковых асяродкаў.
— Мы, вядома. У гэтую вялікую пяцёрку не ўвойдзем, а гэта значыць, што ў выніку прынятых крытэрыяў спачатку трэба будзе звальняць акадэмічных настаўнікаў, потым у нас будуць адбіраць правы напрыклад да прысваення звання доктара, і з часам мы пераменімся ў найлепшым выпадку вышэйшую школу, у якой вядзецца выключна дыдактыка.
У пратэстах прымае таксама ўдзел доктар сацыялогіі, выкладчык універсітэта ў Беластоку, а таксама кандыдат на пасаду прэзідэнта Беластоку Катажына Штоп-Руткоўская:
— У значнай меры людзі, што жывуць у Падляшскім ваяводстве не могуць сабе дазволіць выслаць дзяцей у Варшаву, ці Кракаў на універсітэт. Тут таксама фармуецца эліта горада і таму змяншэнне прэстыжу гэтага месца праз меншае дафінансаванне, і перафармаванне вучэльні ў прафесійную школу зробіць з нас «Польшчу Б» яшчэ больш чым мы былі ёй дагэтуль.
Катажына Штоп-Руткоўская адзначае што закон Говіна — гэта пагроза ліквідацыі універсітэтаў на гэтак званай усходняй сцяне. Беласток далучыўся да пратэстаў, якія працягваюцца і на Варшаўскім універсітэце варшаўскім, ці Ягелонскім.
Валянціна Лаеўская, Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя



