Перад выбарамі заробкі расці не будуць?
Экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі тлумачыць, чаму беларускія ўлады могуць “замарозіць” рост заробкаў у наступным годзе.
Урад Беларусі прагназуе, што сярэдні заробак у 2019 годзе практычна не будзе расці і складзе 1025 рублёў.
РР: Прагноз зроблены, але перад прэзідэнцкімі выбарамі ўлады практычна заўсёды даюць народу пернік – падвышаюць заробкі. Няўжо ў наступнм годзе ўтрымаюцца ад такой спакусы?
Станіслаў Багданкевіч: Я думаю, што ўраду ўдасца спраўдзіць свой прагноз, і моцнага падвышэння заробкаў не будзе. Рэч у тым, што ў Беларусі сама працэдура выбараў абсалютна не залежыць ад дабрабыту насельніцтва. Улада выпрацавала механізм правядзення выбараў, і падлік галасоў не мае ніякай залежнасці ад сярэдняга заробка.
РР: Улада бачаць, што з гэтага боку ніякай рызыкі для іх няма?
Станіслаў Багданкевіч: Безумоўна. Ды і раней, калі перад выбарамі падвышалі заробкі, гэта быў больш папулізм, якім займалася ўлада. Такім чынам хацелі, так бы мовіць, купіць народную любоў. Але зараз улады ўжо навучаны на горкім вопыце і разумеюць, да чаго можа прывесці штучнае падвышэнне заробкаў і запуск друкаванага станка. Гэта прывядзе да вялікай інфляцыі і падзення валютнага курса.
Таму зараз Нацбанк валодае сітуацыяй і кантралюе яе. Сёння грашовая маса расце ў межах раней пазначаных параметраў, ёсць нават нейкія зрухі ў эканоміцы. Але прадпасылак для сур’ёзнага росту заробкаў няма. Беларускі кіраўнік прызначыў новы ўрад, але заявіў, што эканамічны курс змяняць не збіраецца. Таму рэальных перамен не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Array