„Зубры” прайгралі пяты матч запар
Хакеісты менскага „Дынама” разгромна саступілі ніжагародскаму „Тарпеда” ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ. Сустрэча завяршылася з лікам – 0:6. Для „Дынама” гэта пятая параза запар у чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць 22 кастрычніка на „Менск-Арэне” супраць казахстанскага „Барыса”.
„Барселона” учыніла разгром футбалісткам „Менска”
Шматразовым чэмпіёнкам Беларусі футбалісткам «Менска» не ўдалося перапыніць серыю паразаў у матчах супраць „Барселоны”. На гэты раз у першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў каталонскі клуб узяў верх над з лікам 5:0. Матч, які прайшоў на стадыёне імя Ёхана Кроіфа, прайшоў з вялікай перавагай гаспадынь поля. Лік мог быць яшчэ больш разгромным, аднак гулец каталонскай каманды Марыён Кальдэнтэй на 35-й хвіліне не рэалізавала пенальці – мяч парыравала галкіпер „Менска” Наталля Васкабовіч. Матч у адказ адбудзецца ў Менску 30 кастрычніка.
Жаночыя „цмокі” з паразы стартавалі ў Кубку ФІБА
Жаночая каманда „Цмокi-Менск” пацярпела паразу ў стартавым матчы групавога этапу Кубка ФІБА. Беларускі спатыкнуліся ў гасцявым матчы з турэцкім „Хатаем” – 71:79. Самай выніковай баскетбалісткай у складзе „Цмокаў” стала Вікторыя Гаспер, якая набрала 22 ачкі.
Папова і яе „Арка” прайгралі італьянскаму „Скіо”
Форвард зборнай Беларусі па баскетболе Марыя Папова, якая выступае за польскі клуб „Арка” (Гдыня) не дапамагла сваёй камандзе ў гасцях перамагчы італьянскі „Скіо” у першым матчы групавога раўнда наймацнейшай жаночай клубнай лігі. Клуб з беларускай у складзе саступіў з лікам 47:51. Беларуска запісала на свой рахунак 4 падборы і 7 ачкоў.
Трухан выбыў з барацьбы на чэмпіянаце свету
Беларускі спартовец Ягор Трухан у вагавай катэгорыі 73 кг выбыў з чэмпіянату свету па дзюдо сярод юніёраў і юніёрак да 21 года, які праходзіць у Марока. У першым паядынку Трухан адолеў апанента з Фінляндыі. У другой сутычцы беларус саступіў манголу і выбыў з медалёвай гонкі сусветнага форуму. Раней беларусы Арцём Коласаў, Руслан Галавач і Дзмітрый Мужайла таксама выбылі са спаборніцтваў.
Герасімаў не змог прайсці Рублёва на Кубку Крамля
У матчы другога раўнда асноўнай сеткі тэніснага Кубка Крамля Ягор Герасімаў саступіў расейцу Андрэю Рублёву – 6:7, 7:6, 2:6. За 2 гадзіны 17 хвілін матчу 31-я ракетка свету, 21-гадовы Рублёў, рэалізаваў тры брэйк-пойнты, здзейсніў 11 эйсаў і чатыры двайныя памылкі. 26-гадовы Герасімаў, які займае 98-ю пазіцыю ў сусветнай класіфікацыі, адзін раз узяў падачу суперніка, зрабіў 15 эйсаў і дзве падвойныя памылкі. Раней паміж сабой гульцы не сустракаліся. Беларускі тэнісіст прадпрымае намаганні, каб завяршыць сезон у першай сотні сусветнага рэйтынгу.
Матч „Барселоны” і „Рэала” перанеслі на снежань
Матч „Барселоны” і „Рэала” з-за хваляванняў у каталонскай сталіцы 26 кастрычніка не адбудзецца і будзе перанесены. Матч 10-га тура чэмпіянату Іспаніі „Барселона” – „Рэал” перанесены на 18 снежня.
Пра гэта паведамляе Cadena Ser. Пытанне аб пераносе паўстала пасля пачатку акцый пратэсту ў Каталоніі ў сувязі з тым, што шэраг лідараў руху за незалежнасць рэгіёна атрымалі турэмныя тэрміны.
Спартоўцы падпісаліся за „Капскі-Арэна”
Больш за год прайшло пасля смерці кіраўніка футбольнага клуба БАТЭ Анатоля Капскага – чалавека, які адкрыў Еўропе суверэнны клубны футбол. Каманда маленькага горада з Менскай вобласці рэгулярна гуляла ў Лізе чэмпіёнаў і прывозіла ў нашу краіну вядучых прадстаўнікоў Старога Свету. „Капскі-Арэна” – гэта было б справядліва „- пад такім адкрытым лістом падпісаліся 150 беларускіх спартоўцаў.
Беларускае Радыё Рацыя