Не рабіцеся ахвярамі піратэхнікі!
У Беларусі за навагоднюю ноч восем чалавек сталі ахвярамі піратэхнікі. Усе яны звярнуліся ў медычныя ўстановы, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Траўмы атрыманыя з-за парушэння правілаў бяспекі.
Актыўнае выкарыстанне піратэхнікі чакаецца па 7 студзеня, да праваслаўнага Божага Нараджэння. Па словах ратавальніка Аляксандра Чарвякоўскага, трэба памятаць, што наступствы могуць быць вельмі непрыемнымі:
– Гэта не проста апёкі, гэта адарваныя пальцы, скалечаныя вочы, вушы, то бок наступствы – траўмы найцяжэйшыя. Прамысловасць развіваецца. Хоць і дазволеныя ў продаж вырабы першага і другога бытавога прызначэння, класы І і ІІ, але тым не менш іх аб’ём зарада расце і іх маляўнічасць, якую мы прызвычаіліся бачыць, таксама паляпшаецца, то бок павялічваецца колькасць зарадаў.
Акрамя таго, што трэба трымацца правілаў бяспекі, ратавальнікі заклікаюць грамадзянаў ні ў якім разе не разбіраць піратэхнічныя вырабы з мэтаю змяніць іх характарыстыкі. Таксама нельга выкарыстоўваць прылады, чыя цэласнасць выклікае сумнеў.
Беларускае Радыё Рацыя




