У Беластоку паліцыя кантралявала кіроўцаў транспарту
Паліцыя cёння кантралявала кіроўцаў транспарту на ажыўленым праспекце Пілсудскага ў Беластоку. Паліцыянты спынялі машыны і пыталіся пра маршрут руху.

«Правяраем мэтазгоднасць падарожжа: ці звязаны рух з патрэбамі, указанымі ў рэгламенце, то бок на працу, па закупы, лекі альбо даглядаць за састарэлымі ці інвалідамі», – тлумачыць прэс-сакратар падляшскай паліцыі Томаш Крупа:
– Гэта тычыцца абмежавання парушэнняў перамяшчэння ці пешшу, ці сродкамі калектыўнай камунікацыі. Тут галоўнае паставіць на кантроль гэтых перавозчыкаў. Мы не гаворым пра грамадскі транспарт. Праца паліцыянтаў звязана з кантролем мэтазгоднасці перамяшчэння.
Томаш Крупа таксама нагадаў пра тое, што дзеянні паліцыі скіраваныя на агульную бяспеку. Таксама ён паведаміў пра тое, што напярэдадні ў Беластоку дайшло да некалькіх дзясяткаў парушэнняў правілаў, усталяваных польскімі ўладамі ў сувязі з небяспекай каронавіруса.
– Дакладна мы мелі 36 такіх выпадкаў, 24 з іх аказаліся не пацверджанымі. Тры закончыліся налажэннем штрафаў. У пяці выпадках дастаткова было таго, што паліцыянты праінструктавалі тых, хто парушаў правілы. Чатыры выпадкі скончыліся складаннем тлумачэнняў аб здзяйсненні правапарушэння.
У Польшчы, нагадаю, дзейнічаюць новыя каранцінныя абмежаванні. Да прыкладу, прадуктовыя крамы і аптэкі з 10-й да 12-й гадзіны дня могуць наведваць толькі асобы, старэйшыя за 65 гадоў. У крамах у чарзе да касы могуць адначасова знаходзіцца максімальна тры чалавекі. Зачыненыя ўсе грамадскія ўстановы, сады ды школы. Каранцін тычыцца ўсёй краіны. Грамадзянаў заклікаюць заставацца дома.





Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Array