Калектыў Слонімскага драмтэатра звярнуўся да ўладаў
Калектыў дзяржаўнай установы культуры “Слонімскі драматычны тэатр” звярнуўся да ўладаў Беларусі спыніць тэрор на беларускай зямлі і правесці новыя дэмакратычныя выбары.

У звароце паведамляецца:
Калектыў ДУК «Слонімскі драматычны тэатр» з болем у сэрцы назірае за тым, што адбываецца ў краіне пасля так званых «прэзідэнцкіх выбараў». Мы выказваем шчырыя спачуванні ўсім пацярпелым у вулічных пратэстах. Мы патрабуем ад уладаў спыніць вайну супроць свайго народу.
Вы гаварылі пра «майдан», вы яго і зрабілі. Цяпер вы спрабуеце пераканаць увесь свет, што ў акцыях пратэсту ўдзельнічаюць адны злачынцы, крымінальнікі і лайдакі. Але, на наш погляд, злачынцы – гэта тыя, хто парушаючы закон, а таксама нягледзячы хто перад імі – мужчына ці жанчына, маладзён альбо чалавек сталага узросту, забівае да смерці сваіх суайчыннікаў.
Злачынцы – гэта тыя, хто судзіць невінаватых і накладае на іх штрафы і арышты.
Злачынцы – гэта тыя, хто шляхам фальсіфікацыі выбараў крадзе будучыню свайго народу.
Мы патрабуем ад уладаў вызваліць усіх палітзняволеных і правесці новыя шчырыя і празрыстыя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выбары з удзелам усіх жадаючых кандыдатаў.
Мы шчыра спадзяемся і верым, што, сапраўды, закон у нашай краіне пераможа.
ЗАКОН БОЖЫ!
ЗАКОН СУМЛЕННЯ!
ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ!
Беларускае Радыё Рацыя
Array