Вікторыя і кулак Мікалая Януша
21 жніўня пачаліся матчы чарговага тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. З-за страху федэрацыі футболу перад магчымымі акцыямі салідарнасці яны праходзяць без гледачоў.
У цэнтральным паядынку „Іслач” крыху нечакана адолела лідара чэмпіянату – салігорскі „Шахцёр”, які меў працяглую серыю без паразаў. Каманда Віталя Жукоўскага перамагла з лікам 4:2.
Голавым дублем у сустрэчы вызначыўся адзін з лепшых снайпераў айчыннага футболу Мікалай Януш. Забіўшы адзін з мячоў, форвард адрасаваў амаль пустым трыбунам сімвалічны жэст – узняты кулак і знак вікторыі. На трыбуне ў гэты час сядзелі старшыня федэрацыі Уладзімір Базанаў і кіраўнік Беларуськалія Іван Галаваты.
Мікалай Януш даўно вядомы сваёй беларускай пазіцыяй, ён неаднаразова выказваўся ў падтрымку роднай мовы і каментаваў па-беларуску.
Беларускае Радыё Рацыя