Ціханоўская абмеркавала з прэзідэнтам Славакіі механізм перамоваў пра новыя выбары ў Беларусі
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская 8 кастрычніка сустрэлася з прэзідэнтам Славакіі Зузанай Чапутавай.
Як паведамляе ў сваім тэлеграм-канале прэс-служба Ціханоўскай, сустрэча доўжылася паўгадзіны і прайшла ў „цёплай атмасферы”, а саму Святлану „сустрэлі як дзяржаўнага лідара”.
„Святлана Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, а таксама пра неабходнасць падтрымліваць студэнцкія і гуманітарныя праекты і аказваць дапамогу параненым падчас мірных пратэстаў, — гаворыцца ў паведамленні. — Зузана Чапутава выказала падтрымку беларускаму народу і пацікавілася, якім чынам могуць выглядаць перамовы аб новых выбарах у Беларусі, а таксама якія краіны могуць удзельнічаць у іх медыяцыі”.
Ціханоўская падарыла Чапутавай багата праілюстраваную кнігу-альбом „Краiна Беларусь” пісьменніка Уладзіміра Арлова ў перакладзе на англійскую мову.
Раней у гэты дзень экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі сустрэлася з міністрам замежных спраў Славакіі Іванам Корчакам. Па выніках сустрэчы прэс-служба Ціханоўскай паведаміла, што бакі дамовіліся аб працягу праграмы стыпендый для беларускіх студэнтаў, якая фінансуецца ўрадам Славакіі, а таксама абмеркавалі праграму падтрымкі экспертных і аналітычных цэнтраў для Беларусі.
Корчак паведаміў ёй, што Славакія плануе адклікаць пасла з Мінска ў знак салідарнасці з літоўскімі і польскімі калегамі.
Ціханоўская таксама сустрэлася з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацый, экспертных цэнтраў і журналістамі. Адзначаецца, што размова была пра тое, як можна дапамагчы беларускаму народу і якія крокі трэба зрабіць для пераадолення крызісу.
Затым Ціханоўская пагутарыла з прадстаўнікамі дыяспары, якія ўдзельнічалі ў акцыях салідарнасці з беларускім народам. Яна падзякавала ім за гэта і адзначыла, што падзеі на радзіме „з’ядналі людзей і ўнутры краіны, і за мяжой”.
Як паведамлялася раней, пасля ўвядзення Еўрасаюзам 2 кастрычніка санкцый у дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб афіцыйны Мінск адклікаў сваіх паслоў у Вільнюсе і Варшаве „для кансультацый” і запатрабаваў ад Літвы і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у іх пасольствах.
5 кастрычніка з Менска былі вымушана адкліканыя паслы Літвы і Польшчы. Затым у знак салідарнасці з калегамі Беларусь пакінуў пасол Германіі, таксама былі адкліканыя паслы Латвіі і Эстоніі.