Гарадзенскія акторы: Чакаем ад аматараў тэатру прапановаў
Амаль паўсотня гарадзенцаў прыйшла на сустрэчу ў Цэнтр гарадскога жыцця па тэме незалежнага тэатральнага жыцця ў горадзе.

Сустрэча была арганізавана звольненымі акторамі з гарадзенскага драмтэатру і акторамі тэатру лялек, а таксама прадстаўнікамі незалежнай тэатральнай сцэны.
Пра вынікі сустрэчы кажа рэжысёр і актор гарадзенскага фрыктэатру Васіль Калач:
– Мае ўражанні сумбурныя троху. Таму што я чакаў большай актыўнасці ад гледачоў, ад нашых гасцей, якія прыйшлі. А тое, што зала трохі саромелася выказваць свае думкі, яно мяне таксама троху збянтэжыла. Але ўсё ж такі ўсё атрымалася, пайшоў нейкі кантакт і пайшоў рэзананс. То бок мы пачулі, што патрэбна нашай аўдыторыі. І наша аўдыторыя пачула, што мы гатовыя дзеля яе працаваць і раскрываць сваю душу.

На думку харэографа ды рэжысёра Аляксандра Цібенькова, вельмі важным вынікам сустрэчы ёсць тое, што людзям цікава такая тэма як тэатр.
– Я думаю, што самае галоўнае – гэта момант цікавасці з боку гледачоў. Ён ёсць. І я лічу, што людзям варта аб’ядноўвацца па прынцыпу цікавасці, цікавасці да розных тэмаў. У прыватнасці, сёння тэма тэатру. І гэта выдатна, што досыць шмат людзей прыйшло. Значыць, нейкая патрэба ёсць.
Па словах гарадзенскіх актораў незалежнай сцэны, у бліжэйшы час з’явіцца вялікая колькасць пастановак і сюрпрызаў, а анонсы гэтых сустрэчаў можна будзе даведацца праз сацыяльныя сеткі.




Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча