У Тарнопалі можа з’явіцца вуліца Уладзіміра Гайдука
У Тарнопалі, што ў гміне Нараўка на Гайнаўшчыне, можа з’явіцца вуліца беларускага паэта Уладзіміра Гайдука. З ініцыятывай, каб адну з вуліц у вёсцы, у якой нарадзіўся і жыў беларускі паэт, назваць яго імем выступіў мясцовы радны Янка Целушэцкі.
– Я на сходзе ўзняў гэтую тэму. Мы хочам, каб адна з вуліц была названая яго імем. Бо я Валодзю ведаў. І я апошні, хто бачыў яго тут, у Тарнопалі, і гаварыў з ім жывым. Чытаў і маю ўсе яго кніжкі. Далей самае важнае – галасаванне радных.
Уладзімір Гайдук – сябра Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа”, аўтар зборнікаў вершаў „Ракіта”, „Блакітны вырай”, “Пах аернага хлеба”. Памёр ў 2012-м годзе. Аўтар нарадзіўся і ўсё жыццё быў звязаны з Тарнопалем.
Пакуль прапанова назваць адну з вуліц Тарнопаля імем Уладзіміра Гайдука абмяркоўваецца мясцовымі жыхарамі і ўладамі.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя



