Чальцы НАТА прынялі калектыўную заяву па сітуацыі ў Беларусі



Дзяржавы Паўночнаатлантычнага альянсу (НАТА) выступілі з „дакладным і адзіным сігналам” адносна інцыдэнту з пасадкай самалёта Ryanair у Менску, заявіў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг 1 чэрвеня на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў дыстанцыйнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін — удзельніц арганізацыі. Трансляцыя вялася на сайце альянсу.

 

„Мы толькі што завяршылі сустрэчу міністраў замежных спраў краін НАТА, падрыхтаваўшы глебу для сустрэчы высокага ўзроўню НАТА 14 чэрвеня, — сказаў ён. — Міністры разгледзелі шэраг пытанняў, уключаючы Афганістан, Беларусь, Расею і Кітай. <…> Мы рашуча асудзілі сур’ёзныя парушэнні Беларуссю нормаў міжнароднай грамадзянскай авіяцыі і асноватворнага права на свабоду слова. Я вітаю санкцыі, прынятыя краінамі НАТА і Еўрапейскім звязам. Гэта сведчыць пра важнасць адзінства краін і арганізацый-аднадумцаў”.

Столтэнберга папрасілі пацвердзіць, ці сапраўды Турцыя змякчыла рэакцыю НАТА на інцыдэнт з самалётам, і калі так, то ці не мяркуе ён, што гэта падрывае салідарнасць унутры НАТА.

„Паўночнаатлантычная рада на мінулым тыдні (26 траўня. — БелаПАН.) узгадніла заяву, рашуча асудзіўшы прымусовую пасадку пасажырскага рэйса, які накіроўваўся са сталіцы адной дзяржавы НАТА — Афінаў у сталіцу іншай дзяржавы НАТА — Вільню, — нагадаў ён. — Мы выразна заявілі пра тое, што цяпер неабходна правесці незалежнае расследаванне. Краіны НАТА таксама выразна заявілі, што журналіст і яго спадарожніца, арыштаваныя пасля прымусовай пасадкі, павінны быць вызваленыя”.

„Я неаднаразова заяўляў, што мы заклікаем да вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі. Таму ў нас абсалютна дакладная і катэгарычная заява ўсіх краін НАТА, якая была прынятая на мінулым тыдні. І я вітаю тое, што члены НАТА ўжываюць меры і санкцыі, узгодненыя Еўразвязам. Гэта дакладны і адзіны сігнал па гэтым пытанні”, — падкрэсліў генеральны сакратар.

Пра тое, што Турцыя паўплывала на змест заявы Паўночнаатлантычнай рады — асноўнага органа прыняцця палітычных рашэнняў НАТА — у дачыненні да Беларусі, выключыўшы з яго згадку пра падтрымку санкцый, заявіў у нядаўнім інтэрв’ю выданню „Коммерсантъ” кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей.

„Згодна з нашай інфармацыяй, сапраўды Турцыя выступіла супраць прыняцця такога кшталту заявы, — сказаў чыноўнік. — Калі гэта так, дык мы ўдзячныя Турцыі за такую пазіцыю, падыходы. Мы заўсёды былі сумленныя з усімі партнёрамі, мы ў свой час таксама падтрымалі Турцыю, калі там была здзейсненая спроба дзяржаўнага перавароту, і ў нас існуюць абсалютна цесныя, сяброўскія адносіны з гэтай краінай”.

„Але мяне здзіўляе іншы аспект. Чаму НАТА, ваенны блок, спрабуе зрабіць заяву па Беларусі, у прыватнасці патрабуючы вызвалення нейкага абсалютна нязначнага для іх дзеяча, затрыманага тут, у аэрапорце, блогера? Калі ваенны блок умешваецца ў такога кшталту палітычныя рэчы, што далей трэба чакаць? Што танкі ўжо павінны ўваходзіць у Беларусь? Фактычна спрабуюць гэтай заявай падвесці сітуацыю пад нейкія дзеянні, якія пагражаюць міру. А далей НАТА павінна будзе адпаведным чынам рэагаваць на такога кшталту дзеянні, якія пагражаюць міру. Падаплёка зразумелая”, — заявіў Макей.

23 траўня самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, здзейсніў вымушаную пасадку ў Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску. Паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння лайнера ў неба паднялі знішчальнік МіГ-29.

Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Была затрыманая таксама сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега, грамадзянка Расіі.

Еўрапейскі савет заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўрасаюза. Аднак яшчэ да гэтага закліку шэраг краін і асобныя авіякампаніі прынялі рашэнне прыпыніць палёты ў Беларусь і транзіт цераз яе тэрыторыю.

На экстранным пасяджэнні рады Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 27 траўня было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту. ICAO павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу да 25 чэрвеня.

belapan.by

Array