Дзмітрыю Набокаву скарацілі дыскваліфікацыю
Рэкардсмену Беларусі ў скачках у вышыню Дзмітрыю Набокаву скарочаны тэрмін дыскваліфікацыі і ён можа вярнуцца да спаборніцтваў.

У верасні 2020 года Набокаў быў дыскваліфікаваны на два гады. Дзмітрый – чэмпіён Еўропы 2017 года сярод спартоўцаў да 23 гадоў. Раней паведамлялася, што Набокаў апраўданы, але на самай справе яму быў скарочаны тэрмін дыскваліфікацыі.
Герман Несцераў трапіў у сферу інтарэсаў „Віцязя”
Нападнік зборнай Беларусі і „Гомеля” Герман Несцераў трапіў у сферу інтарэсаў падмаскоўнага „Віцязя” (КХЛ). У мінулым рэгулярным сезоне 29-гадовы нападнік правёў за „рысяў” 42 гульні і набраў 39 (15+24) ачкоў, а ў плэй-оф дадаў 16 (6+10) балаў у 16 сустрэчах. Пасля заканчэння сезона ў Экстралізе Несцераў атрымаў адразу тры ўзнагароды – стаў найлепшым форвардам сезону, самым каштоўным гульцом плэй-оф і найлепшым хакеістам на думку саміх хакеістаў.
„Манчэстэр Сіці” гатовы прапанаваць Кейну пяцігадовы кантракт
„Манчэстэр Сіці” гатовы прапанаваць форварду «Тотэнхэма» Хары Кейну доўгатэрміновы кантракт. «Гараджане» хочуць падпісаць з 27-гадовым гульцом пяцігадовы кантракт з заробкам 16 мільёнаў еўра за сезон. Паведамлялася, што „Тотэнхэм” просіць за ангельца 160 мільёнаў еўра, „Сіці” гатовы прапанаваць толькі 117 мільёнаў. У мінулым сезоне футбаліст удзельнічаў у 49 матчах за „шпор”, забіўшы 33 галы. Яго кантракт з „Тотэнхэмам” разлічаны да лета 2024 года.
Футбалісты Італіі і Турцыі адкрыюць фінальную частку чэмпіянату Еўропы
Футбалісты зборных Італіі і Турцыі адкрыюць сёння фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы. Матч адкрыцця 16-га кантынентальнага першынства на рымскім „Стадыё Алімпіка” пачнецца ў 21.45. Разам з камандамі Італіі і Турцыі ў папярэдняй групе А згуляюць зборныя Швейцарыі і Уэльса, якія сустрэнуцца паміж сабой 12 чэрвеня ў Баку.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sputnik.by