Павялічылася колькасць заблукаўшых у лесе
За чэрвень ратавальнікі дзесяць разоў ладзілі аператыўныя мерапрыемствы па пошуку людзей, якія заблукалі ў лесе. Пяцёх грамадзян атрымалася знайсці жывымі, а трое памерлі. Па стане на сённяшні дзень, адна аперацыя яшчэ працягваецца. У Вілейскім раёне Менскай вобласці шукаюць дзвюх жанчын 57-мі гадовага і 49-ці гадовага ўзросту.
Па словах валанцёра, удзельніка пошукавага атрада Чырвонага Крыжа Максіма Вайтовіча, вельмі цяжка шукаць людзей, якія патэнцыйна маглі страціць прытомнасць з-за здароўя:
– Знаходзіць загінулых нашмат цяжэй, бо там застаецца ўжо толькі прачэсваць, там нельга іх знайсці іншымі метадамі. Пры гэтым мы заўсёды ў сваіх пошукавых мерапрыемствах стараемся не даходзіць да гэтай стадыі. Пошук, які прывёў да таго, каб прачэсваць мясцовасць- гэта пошук з памылкамі ў стартавых этапах. Ці сітуацыя са здароўем, такое таксама часта бывае, калі мы адразу мяркуем, што чалавеку можа стаць блага. Па падазрэннях, што чалавек можа ляжаць і не адгукацца мы ходзім значна больш вольна.
Ратавальнікі адзначаюць, што ў краіне з ліпеня па лістапад будзе трываць сезон нарыхтоўкі грыбоў і розных дзікаросаў. У гэты перыяд рэзка павялічваецца колькасць заблукаўшых. Летась зафіксавана звыш 100 выпадкаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя