Васіль Калач: У сённяшніх умовах у Беларусі незалежнага тэатра няма
Гарадзенскі актор і рэжысёр Васіль Калач лічыць, што незалежная сцэна ў сённяшніх умовах Беларусі немагчыма.

Пастаноўкі не ставяцца, а каб арганізаваць выступы, патрэбная так званая “гастролька”.
– Сёння складана, таму што афіцыйна я магу працаваць толькі рамеснікам. Ну і працую. Раблю нешта з дрэва, са скуры. Неяк гэта расходзіцца па аматарах, па крамах сувеніраў, па этнакрамах. Ну а мастацтва – гэта ўжо на голым энтузіязме і жаданні перамагчы.
Па словах Васіля Калача, за незалежныя выступы можна патрапіць нават за краты.
– На любы выступ цяпер патрэбная тая ж самая „гастролька”, цэлы шэраг ідэолагаў, а калі без іх, то ўсё – адразу за краты. За краты не хочацца, былі мы там, ведаем. Частка артыстаў з драмтэатра зараз у Вільні ўдзельнічаюць у праекце. Частка тут – нехта выкладае, нехта працуе, адзін хлопец працуе ў зоокраме, хто дзе – хто сантэхнікам, хто на будоўлі. Але мастацтва ўсё роўна робяць.
Аднак актор не губляе надзеі і рыхтуе сумесны праект па народных традыцыях, які з’явіцца ў свет цягам бліжэйшых месяцаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча