Бацька Фурманава: Сына не зламалі
21 кастрычніка 2021 года з калоніі «Віцьба» выйшаў палітвязень Зміцер Фурманаў, які праходзіў па «справе Ціханоўскага».

Яго сустрэлі бацькі, і цяпер яны накіроўваюцца дадому. Пра сустрэчу з сынам кажа бацька палітвязня Аляксандр Фурманаў:
– Выпусцілі, ён зараз з намі, і мы цяпер у дарозе. Ён нязломлены, нармальны, настроены на барацьбу, малайчына! Стан добры, хоць і паўтары месяцы правёў у адзіночнай камеры.
РР: Не было ніякага фізічнага гвалту ў дачыненні да яго?
– Сказаў, што не. Але ён так сказаў – спадзяемся, што так і ёсць.
Зміцер Фурманаў быў затрыманы ў траўні 2020 года падчас збору подпісаў за Ціханоўскага. Свой тэрмін 2 гады калоніі агульнага рэжыму за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» ён адседзеў поўнасцю. Частку тэрміна Зміцер сядзеў у Гародні ў СІЗА №1, дзе па-іншаму адлічваюцца тэрміны адсідкі.
Беларускае Радыё Рацыя



