Лістоўніцы Пуслоўскіх у Косаве аб’яўлены помнікам прыроды



Лістоўніцы Пуслоўскіх на тэрыторыі Косаўскага палацава-паркавага ансамбля абвешчаныя помнікам прыроды мясцовага значэння. Рашэнне Івацэвіцкага райвыканкама апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дзве лістоўніцы еўрапейскай растуць ва ўрочышчы Марачоўшчына. Пасадзілі іх у першай трэці XIX стагоддзя, і яны да гэтага часу актыўна пладаносяць. Вышыня першай лістоўніцы — 30 м, а дыяметр яе ствала складае 1,5 м. Другая на 5 м ніжэй, менш і яе таўшчыня 0,9 м.

Дрэвы растуць на месцы ўязной (паляўнічай) брамы. Яны былі часткай палацавага парку, у якім расло каля 150 відаў экзатычных дрэў і кустоў, прывезеных з-за мяжы. Ад яго засталіся толькі кусты глогу, старая ліпа і тры лістоўніцы.

«Расліны былі пасаджаныя такім чынам, каб не выбіваліся з агульнай канцэпцыі. Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ на другім паверсе палаца плануем паступова перайсці да пасадкі раслін у парку. Дарэчы, у Пуслоўскіх была прыгожа добраўпарадкавана і водная сістэма: па схілах цяклі штучныя ручаі», — распавяла дырэктар Косаўскага палацава-паркавага ансамбля Ірына Семянюк.

Батанічнымі помнікамі прыроды мясцовага значэння таксама прызнаныя Целяханскі плюшчэўнік, Прыгрыўдзенскія дубы, Святавольскі ольс, Аброўскі дуб, Івацэвіцкае крывалессе, Гічыцкія бярозы. Гідралагічным помнікам прыроды стала Быценская крыніца.

zviazda.by

Array