„Нёман” буйна абыграў „Ліду”
Завяршыліся тры матчы Parimatch-Экстралігі. Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” буйна абыгралі „Ліду” 9:1.
Сталічнае «Юнацтва» ўпэўнена абыграла „Брэст” – 4:0 – гэты матч абслугоўвалі арбітры з чэмпіянату Казахстана. Гэта стала магчымым, дзякуючы праекту па абмене досведам. Таксама салігорскі «Шахцёр” перамог «Дынама” Маладэчна – 7:6 у серыі булітаў.
Ягор Шаранговіч згуляў за „Нью-Джэрсі” супраць „Фларыды”
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” на выездзе саступіў „Фларыдзе” з лікам 1:4. Беларускі форвард гасцей Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 16 хвілін 12 секунд, тры разы кінуў па брамцы (адзін кідок міма), дапусціў дзве страты, прайграў адзінае ўкідванне і зарабіў „-1” па сістэме „плюс-мінус”. У гэтым сезоне 23-гадовы нападнік правёў 13 сустрэч, у якіх набраў 3 (0+3) ачкі.
„Салават Юлаеў” абмяняе Яўгена Лісаўца ў „Віцязь”
Уфімскі „Салават Юлаеў” і падмаскоўны „Віцязь” зробяць абмен двума гульцамі. Ва Уфу адправіцца абаронца Віктар Анціпін, у зваротным кірунку пройдзе беларус Яўген Лісавец. У гэтым сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі Анціпін прыняў удзел у 28 гульнях, аддаўшы ў іх тры галявыя перадачы пры паказчыку карыснасці „-10”. Лісавец згуляў за „Салават Юлаеў” 18 сустрэч у рэгулярцы, закінуўшы адну шайбу і аддаўшы адну галявую перадачу пры агульнай карыснасці „+7”.
„Салават Юлаеў” займае цяпер трэцяе месца ў турнірнай табліцы Усходняй канферэнцыі, пасля 30 матчаў набраўшы 42 ачкі. „Віцязь” — 12-ы на Захадзе, маючы ў сваім актыве 22 балы пасля 29 згуляных матчаў.
Аляксандр Звераў стаў паўфіналістам выніковага турніру АТР
Аляксандр Звераў стаў паўфіналістам выніковага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), які праходзіць у італьянскім Турыне.
У матчы Чырвонай групы нямецкі тэнісіст, які займае 3-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамог у двух сэтах паляка Хуберта Гуркача, у якога 9-я пазіцыя, – 6:2, 6:4. Аляксандр Звераў заняў другое месца ўслед за расіянінам Даніілам Мядзведзевым і ў паядынку за выхад у фінал будзе супернічаць з першай ракеткай планеты сербам Новакам Джокавічам.
Кіраўніцтва „Манчэстэр Юнайтэд” прыняло рашэнне звольніць Сульшэра
Кіраўнікі „Манчэстэр Юнайтэд” вырашылі звольніць галоўнага трэнера Уле-Гунара Сульшэра. Па інфармацыі Manchester Evening News, Сульшэр пакіне клуб, як толькі будзе знойдзена замена. Раней у кіраўніцтве падтрымлівалі Сульшэра, аднак выступы ў Лізе чэмпіёнаў у корані змянілі сітуацыю. Пасля 11 тураў чэмпіянату Англіі „Манчэстэр Юнайтэд” займае 6-е месца ў табліцы, набраўшы 17 ачкоў. У апошніх шасці турах клуб набраў толькі 4 ачкі.
„Далас” выведзе з абарачэння нумар Дзірка Навіцкі
Урачыстая цырымонія вывядзення з абарачэння 41-га нумара Дзірка Навіцкі пройдзе ў перапынку хатняга матча „Маверыкс” з „Голдэн Стэйт”.
Навіцкі адыграў за „Далас” усю сваю 21-гадовую кар’еру ў НБА. У 2011 годзе немец прывёў клуб да першага (і пакуль адзінага) чэмпіёнства ў гісторыі. Форвард завяршыў гульнявую кар’еру ў 2019-м годзе. Немец з’яўляецца лідарам „Маверыкс” па праведзеных матчах (1522), ачках (31 560), падборах (11 489), рэалізаваных трохачковых (1982) і многіх іншых статыстычных паказчыках.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: hockey.by
