Беларускія баскетбалісты прайгралі грэкам у кваліфікацыі ЧС
Баскетбалісты зборнай Беларусі пацярпелі першую паразу ў адборавым турніры чэмпіянату свету 2023 года. У паядынку 2-га тура кваліфікацыйнай групы B падначаленыя Расціслава Вергуна прайгралі ў Салоніках зборнай Грэцыі з лікам 67:77. Самымі выніковымі ў складзе беларусаў сталі Уладзіслаў Блізнюк і Максім Салаш, якія набралі па 17 ачкоў.
Футбалісты БАТЭ заваявалі срэбра чэмпіянату Беларусі
Футбалісты барысаўскага БАТЭ сталі срэбранымі прызёрамі чэмпіянату Беларусі. БАТЭ на полі „Барысаў-Арэны” разграміў гасцей з „Віцебска” з лікам 4:0. Галоўны трэнер БАТЭ Віталь Жукоўскі аб’явіў журналістам, што ў наступным сезоне пакіне пасаду. Мінскае „Дынама”, якое магло абысці барысаўчан, згуляла ўнічыю ў Мазыры з мясцовай „Славіяй” – 0:0 і ў выніку заваявала бронзу чэмпіяната Беларусі. Чэмпіёны краіны футбалісты „Шахцёра” саступілі ў салігорску „Гомелю” з лікам 0:1. Лепшы бамбардзір гамяльчан Андрэй Салавей забіў пераможны гол на 1-й хвіліне гульні. У Гародні мясцовы „Нёман” перамог жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” – 3:1. Гарадзенцы фінішавалі 11-мі ў турнірнай табліцы вышэйшай лігі, „бела-чорныя” – восьмымі. Футбалісты „Іслачы” ў Маладзечне буйна прайгралі сталічнаму „Энергетыку-БДУ” – 0:4. „Смаргонь” абыграла на сваім полі „Мінск” з мінімальнай перавагай – 1:0. У берасцейскім дэрбі „Рух” перайграў „Дынама” 3:2. Лепшым бамбардзірам 31-га чэмпіянату Беларусі стаў гамбійскі форвард „Шахцёра” Дэмба Дарба, які забіў 19 мячоў.
У наступным сезоне вышэйшую лігу папоўняць дзве найлепшыя каманды першай лігі – дзяржынскі „Арсенал” і бабруйская „Белшына”, якія заменяць „Смаргонь” і рэчыцкі „Спутнік”. Мінскія „Крумкачы”, якія занялі 3-е месца ў першай лізе, згуляюць у пераходных матчах са „Славіяй” за права выступаць у вышэйшай лізе.
Леанід Ковель завяршыў гульнявую кар’еру
Нападнік „Смаргоні” Леанід Ковель скончыў кар’еру гульца. Свой апошні матч ён згуляў 15 жніўня супраць „Шахцёра”. Пасля гэтага ўвайшоў у трэнерскі штаб. На дадзены момант Ковель дапамагае Ігару Трухаву.
Леанід Ковель выступаў за мінскае „Дынама”, львоўскія „Карпаты”, „Сатурн”, „Мінск”, „Іртыш”, „Нёман” і „Белшыну”. З мінскім „Дынама” ў 2004-м годзе станавіўся чэмпіёнам Беларусі.
З пачатку 2021-га года выступаў за „Смаргонь”, дзе забіў 2 галы ў 14 матчах. Усяго за сваю кар’еру Леанід Ковель забіў 83 мячы, аддаў 45 галявых перадач у 418 сустрэчах.
„Легія” перамагла „Ягелонію”
У матчы чэмпіяната Польшчы па футболе ў экстракласе варшаўская «Легія» перамагла з мінімальным лікам 1:0 беластоцкую «Ягелонію» і перапыніла серыю з сямі паразаў запар. Адзіны мяч у гульні забіў Маціяс Ёхансан на другой дададзенай хвіліне першага тайма. Пасля 16 матчаў каманда Ірэніўша Мамрота набрала 21 ачко і займае 11-е месца ў турнірнай табліцы. «Легія» пасля 14 гульняў на 16 месцы.
„Чэлсі” і „Манчэстэр Юнайтэд” згулялі ўнічыю ў цэнтральным матчы 13-га тура АПЛ
На стадыёне „Стэмфард Брыдж” у Лондане ў рамках 13-га тура англійскай Прэм’ер-лігі „Чэлсі” прымаў „Манчэстэр Юнайтэд”. Каманды згулялі ўнічыю – 1:1. Лік быў адкрыты ў пачатку другога тайма. На 50-й хвіліне вызначыўся нападнік «чырвоных д’яблаў» Джэйдан Санча.
На 67-й хвіліне арбітр сустрэчы Энтані Тэйлар паставіў пенальці ў браму «Манчэстэр Юнайтэд» і паўабаронца Жаржыньё рэалізаваў 11-метровы.
Лонданскі „Чэлсі” набраў 30 ачкоў у 13 матчах і займае 1-е месца ў турнірнай табліцы. «Манчэстэр Юнайтэд» – на 8-м месцы. „Манчэстэр Сіці” ўзяў тры ачкі ў матчы супраць „Вест Хэма” – 2:0
Хакеісты мінскага „Дынама” перамаглі „Трактар” у матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты мінскага „Дынама” перамаглі „Трактар” у матчы чэмпіянату КХЛ. Матч завяршыўся на карысць каманды Крэйга Вудкрафта з лікам 2:1. У складзе «зуброў» адзначыліся Мікіта Пышкайла і Дзмітрый Корабаў
Такім чынам, мінчане перапынілі шасціматчавую серыю паразаў.
Першая шайба Прртаса дапамагла „Вашынгтону” перамагчы „Караліну”
„Вашынгтон” абыграў „Караліну” ў матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ — 4:2. У „Кэпіталз” другую шайбу і дэбютную для сябе ў наймацнейшай лізе свету закінуў беларускі форвард Аляксей Протас.
У гэтым сезоне Протас набраў 4 (1+3) ачкі ў 11 матчах.
СКА на выездзе саступіў турэцкаму „Бешыкташу”
СКА на выездзе саступіў турэцкаму „Бешыкташу” у матчы 1/16 фіналу Кубка ЕГФ. Лік сустрэчы 25:28. Баталія ў адказ адбудзецца ў Менску 5 снежня.
Самуэльсан выйграў спрынт на этапе Кубка свету па біятлоне
Шведскі біятланіст Себасцьян Самуэльсан выйграў спрынтарскую гонку на першым этапе Кубка свету ў Эстэрсундзе.
Другое месца заняў нарвежскі спартовец Ветле Шастад Крысціянсэн. Бронза ў яшчэ аднаго нарвежца Ёханэса Бё.
Што да беларускіх спартоўцаў, то Антон Смольскі дапусціў 2 промахі і адстаў ад пераможцы на 1 хвіліну 15,8 секунды і заняў 19-е месца. Максім Верабей прамахнуўся двойчы і заняў 46-е месца, Сяргей Бачарнікаў з трыма недакладнасцямі на стрэльбішчы фінішаваў 60-м . Раман Елетнаў заняў 71-е месца, Дзмітрый Лазоўскі – 77-е.