Шкурдай усталявала новы нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 200 м на спіне
У Эйндховэне праходзіць этап Міжнароднай лігі плавання ISL на кароткай вадзе. Беларуска Анастасія Шкурдай усталявала нацыянальны рэкорд на дыстанцыі 200 метраў на спіне. Ён склаў 2 хвіліны 1.51 секунды. Папярэдні рэкорд быў усталяваны ёй жа – 2 хвіліны 1.77 секунды. Выйграла заплыў амерыканка Беата Нэльсан з вынікам 2 хвіліны 0.33 секунды.
„Вітэн” прайграў „Цюмені” ў Лізе чэмпіёнаў
Аршанскі „Вітэн” згуляў з „Цюменню” ў рамках элітнага раунда Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе і саступіў з лікам 2:3, страціўшы шанцы на выхад у „Фінал чатырох”. У складзе аршанскай каманды галы забілі Максім Батурын і Юрый Рабыка. У апошні дзень спаборніцтваў „Вітэна” згуляе з клубам з французскай сталіцы «Аньер Вільнёў».
Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі ў гасцях „Віцязь”
Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі ў гасцях „Віцязь” — 5:2. Гаспадары пляцоўкі — адныя з аўтсайдэраў канферэнцыі „Захад” чэмпіянату КХЛ. Аднак пасля двух перыядаў была нічыя. І толькі ў трэцім Маціяс Тэдэнбю і Кірыл Варонін, які закінуў 2 шайбы, апошнюю — у пустую браму, аформілі перамогу дынамаўцаў. Заўтра “зубры” згуляюць у гасцях з „Сочы”.
„Шахцёр” па булітах абыграў „Брэст”
Завяршыліся тры матчы Parimatch-Экстралігі. „Шахцёр” па булітах абыграў „Брэст” – 3:2, сталічнае «Юнацтва” разграміла на хатняй арэне гарадзенскі „Нёман” – 3:0, а «Дынама-Маладэчна” ў авертайме зламіла супраціў „Ліды» – 1:0.
„Нью-Джэрсі” без Шаранговіча прапусціў восем шайб ад „Вініпега”
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Вініпег” абыграў „Нью-Джэрсі” з лікам 8:4. У прайграўшых месца ў складзе не знайшлося для беларускага форварда Ягора Шаранговіча. На рахунку 23-гадовага нападніка 7 (3+4) балаў у 19 матчах сёлетняга сезона НХЛ.
Баскетбалісткі „Цмокi-Мінск” перамаглі „Астраву”
Баскетбалісткі „Цмокi-Мінск” пераможна завяршылі другі тур новага сезона жаночай Еўрапейскай баскетбольнай лігі (EWBL). У заключным паядынку другога тура ў латвійскай Ліепаі срэбраныя прызёры чэмпіянату Беларусі адолелі чэшскую „Астраву” 74:71. Як і ў дзвюх папярэдніх сустрэчах, самай выніковай у складзе менчанак стала Рэйчэл Тэрыёт, якая набрала 20 ачкоў.
„Голдэн Стэйт” перапыніў 18-матчавую пераможную серыю „Фінікса”
„Голдэн Стэйт” абыграў „Фінікс” у сустрэчы двух лідараў рэгулярнага чэмпіянату і Заходняй канферэнцыі НБА — 118:96. „Уорыёрз” перапынілі 18-матчавую пераможную серыю „Санз”, якая стала рэкорднай у гісторыі клуба з Арызоны. „Голдэн Стэйт” дазволіў суперніку набраць 96 ачкоў, што з’яўляецца горшым паказчыкам „Фінікса” ў гэтым сезоне.
Ян Няпомняшчы прайграў у шостай партыі Магнусу Карлсэну
У Дубаі прайшла шостая партыя матча за званне чэмпіёна свету па шахматах. Расеец Ян Няпомняшчы прайграў нарвежцу Магнусу Карлсэну. Папярэднія 5 партый завяршыліся ўнічыю.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя